Вандроўка ў мінулае, або Хто з хайнічан на «Дажынках» бываў

Сельское хозяйство

Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі, які стаў брэндам краіны, бярэ пачатак у Століне.

Першыя «Дажынкі» прайшлі там у 1996 годзе. Пасля эстафету прынялі Масты. Затым свята праходзіла ў Нясвіжы, Шклове, Мазыры, Полацку, Пружанах, Ваўкавыску, Слуцку, Бабруйску, Рэчыцы, Оршы, Кобрыне, Лідзе, Маладзечне, Горках. А у 2013 годзе апошняй сталіцай аграфэсту ў рэспубліканскім маштабе стаў Жлобін. Мне таксама там пашчасціла бываць разам з нашымі пераможцамі. Тады трэція месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве занялі вадзіцелі – Яўгеній Коўшун з КСУП «Аравічы» і Барыс Кузьменка з КСУП «Імя І.П. Мележа». Фестываль быў масштабным і запамінальным, яркім і шчодрым.

А з 2014 года фармат свята зменены на лакальны – фестываль арганізуецца ў адным з раённых цэнтраў краіны кожнай вобласцю самастойна. З таго года я пабывала ва ўсіх сталіцах абласных «Дажынак» і сёння прапаную вам накіравацца ў вандроўку ў мінулае і ўзгадаць, хто з хайнічан бываў на «Дажынках».

У 2014 годзе гасцей абласных «Дажынак» прымала Буда-Кашалёва. Другое месца тады «ўзяў» вадзіцель эксбазы «Стралічава» Сяргей Аўдзеенка, трэцяе – вадзіцель КСУП «Судкова» Фёдар Ефіменка. Акрамя таго, узнагароды і каштоўныя падарункі ад прафсаюзаў на свяце атрымалі механізатар КСУП «Судкова» Алена Волкава і аператар машыннага даення КСУП «Веляцін» Ніна Кісліцына.

У 2015 годзе «Дажынкі» святкавалі ў Ельску. На жаль, у той год ніхто з хойніцкіх хлебаробаў не стаў пераможцам абласнога спаборніцтва. Давялося раздзяляць радасць і апладзіраваць героям жніва з іншых раёнаў.

Гаспадаром фестывалю ў 2016 стаў Рагачоў. Пераможцамі хайнічане ў тым годзе таксама не выйшлі, але прыемная нагода для гонару была: механізатару КСУП «Судкова» Аляксандру Пупуніну была аб’яўлена Падзяка Гомельскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК.

Бадай самымі «ўраджайнымі» на ўзнагароды для хайнічан былі «Дажынкі» ў 2017 годзе, якія праходзілі ў Жыткавічах. Хойніцкі раён гучаў восем разоў! Двойчы выклікалі вадзіцеля КСУП «Веляцін» Уладзіміра Бандарэнку. Ён заняў першае месца ў вобласці сярод калег, якія ажыццяўлялі перавозку збожжа ад камбайнаў. Яшчэ адна ўзнагарода яму была ўручана ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнік гэтай жа гаспадаркі – Валянцін Кардаш – стаў трэцім сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія займаліся перавозкай травяных кармоў ад кормаўборачных камбайнаў і машын. А наша трактарыстка Алена Волкава на той урачыстасці атрымала ключы ад новенькага «Беларус-82.1». Акрамя таго, нагрудным знакам Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на свяце была ўзнагароджана першы намеснік старшыні райвыканкама Жанна Бажок. Уладальнікам прафсаюзнай Падзякі стаў начальнік малочна-таварнага комплексу «Пудакоў» Андрэй Макаранка, да таго ж комплексу падарылі пральную машыну. І гэта яшчэ не ўсё: кіраўнікам КСУП «Імя І.П. Мележа» і «Аравічы» ўручылі сертыфікаты на атрыманне кормараздатчыкаў.

У наступным, 2018 годзе, сталіцай фестывалю стаў Брагін. За ўзнагародамі ў суседні раён ездзіў Уладзімір Бандарэнка з КСУП «Веляцін», які заняў першае месца сярод вадзіцеляў. Трэцім у гэтай жа намінацыі стаў Фёдар Ефіменка з КСУП «Судкова». Адзначаны быў і наш малады камбайнер з КСУП «Судкова» Мікалай Кравец, ён заняў трэцяе месца. Акрамя таго, жанчыне-кіраўніку – ў той час дырэктару ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Вользе Кісліцкай – уручылі ключы ад новага трактара для гаспадаркі.

У мінулым годзе на аграфэст гасцінна запрасіла Рэчыца. Першае месца сярод вадзіцеляў летась заняў Уладзімір Бандарэнка з КСУП «Веляцін», трэцім у гэтай жа намінацыі стаў Іван Рубан з КСУП «Імя І.П. Мележа».

Перш чым перайсці да сёлетніх «Дажынак» прывяду яшчэ некалькі фактаў з «дажыначнай» гісторыі. Узгадаю, якія падарункі атрымлівалі хайнічане на рэспубліканскім фестывалі. Так, у 2002 годзе Ігару Прыходзька ўручылі легкавы аўтамабіль, Мікалаю Марозу – матацыкл, а Валерыя Браткоўскага заахвоцілі халадзільнікам. Тэлевізары атрымалі Вячаслаў Шарапаў, Уладзімір Фешчанка, Пётр Фешчанка, Мікалай Бурдзядзь, Ігар Пузырын, Віктар Курожка, Аляксандр Ходас. У 2003 годзе тэлевізары падарылі шасці хайнічанам – Рыгору Рудзянку, Уладзіміру Шарапаву, Рыгору Сцішанку, Сяргею Брухавецкаму, Андрэю Махначу, Івану Бандарчуку.

У 2004 годзе Рыгор Сцішанок атрымаў легкавы аўтамабіль, а Сяргею Брухавецкаму ўручылі камп’ютар. Аляксандр Дрончанка, Фёдар Ефіменка і Валерый Браткоўскі атрымалі халадзільнікі, Яўгеній Пінчук і Дзмітрый Браткоўскі сталі ўладальнікамі тэлевізараў і DWD-прайгравальнікаў, а Рыгор Пархоменка і Сяргей Краснаселец – тэлевізараў. Але, напэўна, нават каштоўныя падарункі – гэта не галоўнае. Значна важней гонар і пашана, увага і шчырыя словы ўдзячнасці.

Кожныя «Дажынкі» – гэта доўгія рады падворкаў з прысмакамі, якія радуюць вока і вабяць пахамі. Гэта танцы і песні, усмешкі і забавы. Шэраг магутнай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама новенькія аўтамабілі і дзясяткі трактараў для пераможцаў. Але самы доўгачаканы момант, безумоўна, – ушаноўванне пераможцаў жніва. Заўсёды вельмі прыемна чуць падчас узнагароджання наш раён і бачыць землякоў на сцэне ў ліку лепшых у вобласці!

Сёння абласныя «Дажынкі» праходзяць у Мазыры. Так склалася, што ў апошнія гады свята прымаюць нашы суседзі. Праграма мерапрыемстваў традыцыйна душэўная і вясёлая, але са сваімі адметнасцямі, аб якіх мы вам абавязкова раскажам у наступным нумары газеты.

Так, для нашага раёна гэта жніво было няпростым, і, на жаль, прозвішчаў хайнічан няма сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва. Але ўзнагароды ад аблвыканкама і прафсаюзаў сёння атрымаюць чатыры прадстаўнікі Хойнікшчыны. Хто менавіта? Пакуль патрымаем інтрыгу.

Усё ж такі, нягледзячы на тое, што не ўдалося прабіцца ў абласныя лідары жніва, нашы хлебаробы лепшыя! Яны свае, таму, безумоўна, самыя лепшыя. Вялікі дзякуй вам за жыццё ў рытме жніва. За жніво гарачае, у прамым і пераносным сэнсах гэтага слова. За жніво эмацыянальнае. Чым больш тон запісвалі сабе на рахунак камбайнеры і вадзіцелі – тым больш хацелася даведацца, хто ж стане тысячнікам? За жніво жывое. Столькі цікавых размоў і сустрэч на палях было, столькі жартаў, столькі хваляванняў і радасцяў. Дзякуй вам, хлебаробы, за вашу нялёгкую працу, за чарговае незабыўнае лета – і за хлеб на стале!

Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *