Беларусь турыстычная: г. Брэст

Беларусь турыстычная

Паміж Белавежскай пушчай і Брэсцкай крэпасцю, на самай мяжы Беларусі і Польшчы знаходзіцца Брэст – горад з багатай гісторыяй, моднымі кавярнямі і чароўнымі персанажамі, напрыклад, ліхтаршчыка, які па вечарах запальвае ліхтары на вул. Савецкай.

Вывучаць і адкрываць нешта новае ў Брэсце можна бясконца, а я раскажу, як з карысцю правяла тыдзень свайго адпачынку ў горадзе над Бугам.

Самае галоўнае і культавае месца, куды ў першую чаргу мы імкнуліся, – гэта, вядома, Брэсцкая крэпасць. На тэрыторыі мемарыяла паглядзелі на скульптуру «Смага», манумент «Мужнасць», Холмскія вароты, штык-абеліск, падумалі пра жыццё каля вечнага агню, паслухалі запіс аб аб’яўленні вайны, якую пастаянна круцяць каля галоўнага ўваходу ў форме зоркі.

Недалёка ад Холмскіх варотаў працуе ўнікальны музей, які не мае дачынення да мемарыяла, але размешчаны на месцы старажытнага горада – гэта археалагічны музей «Бярэсце». Тут мы паглядзелі на жыллё старажытных берасцейцаў XI-XIII стагоддзяў. Гэта адзіны ў свеце музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада.

Калі мясцовыя кажуць «убачымся ў цэнтры», то яны маюць на ўвазе вул. Савецкую. Гэта галоўная гарадская пешаходная вуліца, на якую кожны вечар бясконцым патокам льецца народ. Тут мноства кавярняў, рэстаранчыкаў, буцікаў.

Далей па дарозе размешчана адна з візітных картак горада – музычны гадзіннік, а непадалёк усталявалі кампазіцыю Шчаслівы бот, які абяцае кожнаму, хто яго прымерыць, даход нечуваны і ў справах грашовых шанцаванне.

Адзін з галоўных помнікаў горада прысвечаны 1000-годдзю Брэста. Агульная вышыня манумента 15 м. Пад крыламі анёла-ахоўніка – постаці князёў і вобразы маці і салдата. Па крузе ідзе гарэльеф з 6 гістарычнымі сюжэтамі.

На скрыжаванні вул. Савецкай і Астроўскага ёсць яшчэ адзін незвычайны памятны знак – «Стары ліхтар». На скрутку выбіты загад аб заснаванні пасады ліхтаршчыка, які штодня абавязаны запальваць ліхтары, «як сонца сядзе». Скульптура лятучай мышы з ліхтаром у кіпцюрах – знак таго, што ў Брэсце ніколі не наступіць цемра. І ў гэта ахвотна верыцца – столькі ліхтароў вакол! Кожны вечар, як толькі сцямнее, ліхтаршчык ставіць лесвічку і падымаецца па ёй, каб запаліць ліхтары.

«Ліхтарная» традыцыя працягваецца ў выглядзе алеі кованых ліхтароў на вул. Гогаля. Многія з іх прысвечаны нейкаму твору Мікалая Васільевіча. Астатнія – у розных вобразах: ад каваля да чысцільшчыка абутку, ад печкі да мальберта. Ёсць нават ліхтар-карэта.

Усю палітру брэсцкай архітэктуры мы пабачылі на вул. Леванеўскага. Дамы тут былі пабудаваны ў 1920-х гадах. З тых часоў на вуліцы мала што памянялася. З Леванеўскага можна адразу выйсці ў Парк 1-га мая – галоўны гарадскі парк культуры і адпачынку. Цікава было наведаць Гарадскі сад з алеяй імянных лавак, набярэжную р. Мухавец з сонечным гадзіннікам.

Што па харчаванню? У Брэсце мноства кафэ і рэстаранаў з утульнымі інтэр’ерамі, смачнай ежай, дэмакратычнымі цэнамі і выдатным абслугоўваннем. Тут ёсць і каларытныя кафэ з традыцыйнымі палескімі стравамі, і італьянскія піцэрыі, і атмасферныя кавярні з шырокім асартыментам напояў і дэсертаў.

У цэлым Брэст мне спадабаўся. Ціха, спакойна, няма будзённай мітусні. З’ездзіць варта!

Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *