Не лічыце гады, лічыце добрыя моманты

Общество

Ёсць такі выраз: «Тры ўзросту чалавека: маладосць, сярэдні ўзрост і «Вы сёння цудоўна выглядаеце!».

Дык вось, 1 кастрычніка сваё свята адзначылі хойнічане, якія як раз цудоўна выглядаюць – людзі паважанага ўзросту.

У чацвер людзей залатога ўзросту запрасілі ў раённы Дом культуры на яркае святочнае мерапрыемства. Гасцей здзіўлялі выдатнымі выстаўкамі, віталі шчырымі, праніклівымі словамі, дарылі музычныя і танцавальныя нумары. У зале панавала цёплая, сямейная атмасфера, віноўнікі ўрачыстасці апладзіравалі артыстам і падпявалі знаёмыя радкі.

Дарэчы, не толькі адным канцэртам адмежаваліся на Хойнікшчыне. Напярэдадні і ў дзень свята ў арганізацыях, на прадпрыемствах, ва ўстановах горада і раёна прайшлі сустрэчы з ветэранамі працы, былымі работнікамі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Пэўна, так актыўна Дзень пажылых людзей не адзначаўся ў раёне даўно. Спадзяюся, такія сустрэчы стануць традыцыяй, таму што так важна сказаць «дзякуй» людзям за гады працы, за іх вопыт, за іх адданасць прафесіі, за Хойнікшчыну, якая іх намаганнямі, плённай працай і любоўю сёння жыве і квітнее. Дзякуй тым адміністрацыям і прафкамам арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, што ладзілі свята, за тое, што паважаюць і памятаюць сваіх былых работнікаў, такая ўвага дорага каштуе.

Сваіх былых работнікаў ушаноўвалі ў райвыканкаме. Ініцыятарам правядзення сустрэчы сталі райсавет дэпутатаў і райвыканкам. За кубачкам чаю ўзгадвалі мінулыя гады, дзяліліся ўспамінамі аб працоўных буднях, шчаслівымі момантамі цяперашняга жыцця, абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. Як жа без гэтага, усе ж працягваюць весці актыўнае грамадскае жыццё.

Візіт-віншаванне – так работнікі завода гідраапаратуры, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, вытворчага ўчастка г. Хойнікі «Аўтобуснага парка № 6», ліцэя, устаноў культуры, вучні і настаўнікі школ горада і раёна, актывісты БРСМ віншавалі грамадзян «залатога» ўзросту, адпраўляючыся да іх з падарункамі, кветкамі, пажаданнямі бадзёрасці і здароўя.

Прайшлі святочныя мерапрыемствы і непасрэдна ў сельскіх Дамах культуры, далучыліся да якіх і сельгаспрадпрыемствы.
Успомніць працоўныя дні, пагутарыць за чаем з цукеркамі, падзяліцца поспехамі, паслухаць канцэрт запрасілі да сябе сваіх работнікаў лясгас, участак па вытворчасці камбікармоў КСУП «Саўгас-камбінат «Зара», ветстанцыя, ПВУ ААТ «Мілкавіта», ліцэй і інш.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ганна Вяргейчык напярэдадні Дня пажылых людзей павіншавала са святам тых, хто не адно дзесяцігоддзе аддаў працы ў сельскай гаспадарцы. Далучыліся да віншаванняў доўгажыхароў і дэпутаты райсавета.

Адпачылі душой былыя работнікі культуры, удзельнікі жаночага аматарскага аб’яднання «Сустрэча», аб’яднання «Спадчына» на сустрэчы, якую для іх арганізавалі работнікі Цэнтра культуры і цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Не забыты сваім калектывам: традыцыйную акцыю ў Дзень пажылых людзей правялі супрацоўнікі РАУС.

Валанцёры і актывісты БРСМ школ горада і раёна віншавалі пажылых людзей са святам і аказвалі дапамогу ў навядзенні парадку на прыдамавой тэрыторыі.

Ул. інф.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *