Беларусь турыстычная: г. Магілёў

Беларусь турыстычная

Расказвае Марына Краўчанка:

– На мінулых выхадных мы з калегамі, прадстаўнікамі працоўнага калектыву запаведніка, наведалі з экскурсіяй горад Магілёў.

Горад, які аброс гісторыямі і гарадскімі легендамі – з балкона Аляксандр Сяргеевіч Пушкін паліваў вуліцу шампанскім, на сцэне найстарэйшага тэатра Беларусі выступаў Фёдар Шаляпін і гуляла вялікая Вера Камісаржэўская, і тут жа глядзеў ваенныя хронікі Мікалай II.

Самая відавочная культурная праграма разгортваецца паміж трох плошчаў: Леніна, Зорак і Славы.

Зорная плошча – любімае месца адпачынку жыхароў города і яго гасцей. У цэнтры плошчы прыцягвае ўвагу скульптурная кампазіцыя «Астролаг». Астролаг сядзіць на крэсле каля тэлескопа і паказвае на неба. Яго акружае 12 бронзавых крэслаў, якія сімвалізуюць знакі Задыяка. Любы жадаючы можа сфатаграфавацца на імправізаваным троне свайго знака. Вакол помніка выкладзеная своеасаблівая «Алея славы». На зорках напісаны імёны ганаровых жыхароў горада.

Плошча Славы – сэрца горада. Тут пабачылі велічную скульптурную кампазіцыю, сімвал Перамогі – гранітны пастамент над якім узвышаецца фігура жанчыны, правобразам якой была багіня перамогі Ніка. Плошча знаходзіцца на мяжы двух раёнаў горада, падзеленых Дняпром. Адсюль адкрываецца надзвычайны від.

Плошча Леніна, безумоўна, нагадвае плошчу Незалежнасці ў Мінску з яе Домам ураду – праект практычна ідэнтычны. У цяперашні час тут размешчаны Магілёўскі аблвыканкам.

Пабывалі мы і ў прасторным Заасадзе, які раскінуўся за некалькі кіламетраў ад Магілёва. Тэрыторыю ў сотню гектараў насяляюць як тыповыя для гэтых шырот звяры, так і больш экзатычныя жывёлы – кабаны, мядзведзі, зубры, ласі, страусы, рысі і многія іншыя. Магілёўскі заасад мае асаблівасці, якія адрозніваюць яго ад іншых заапаркаў. Па-першае, жывёлы знаходзяцца па-за клетак, у натуральным асяроддзі. Па-другое, тут працуе лякарня для хворых і параненых звяроў. Па-трэцяе, акрамя звычайнай пешай прагулкі, турыстам прапануецца незвычайная паслуга: наведвальнікаў возяць па тэрыторыі на невялікім паравозе.

Да заасаду прымыкае «Этнаграфічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. Прыгожая стылізацыя, якая расказвае пра жыццё беларусаў у XIX стагоддзі. Абрады, рытуалы, культура – увогуле, усё як належыць. У вёсцы можна наведаць дом каваля і ганчара, у маёнтку памешчыка размясціўся комплекс «Карчма», у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.

У 7 км ад горада знаходзіцца сумна вядомая вёска Буйнічы. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах вёскі праходзілі жорсткія баі за Магілёў, якія ўславілі мужнасць і стойкасць беларускіх абаронцаў. У нашы дні там адкрыты мемарыяльны комплекс, які мы, вядома ж, не маглі не наведаць. На тэрыторыі мемарыяла ўсталяваны помнік з імёнамі загінуўшых воінаў, чые астанкі пахаваныя ў брацкай магіле. У цэнтры комплексу на невялікім узвышэнні пабудаваны храм-капліца, дзе памінаюць усіх тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Побач знаходзіцца вадаём з сімвалічнай назвай – возера Слёз. Вакол пасаджаныя алеі, адна з якіх носіць імя К. Сіманава.

Вядома, славутасці Магілёва не абмяжоўваюцца нашым спісам, горад вялікі і багаты на цікавыя месцы. І калі вы адправіцеся ў гэты чароўны горад, напрыклад, у тур выхаднога дня, то не пашкадуеце. Абяцаем.

Падарожжа, дарэчы, арганізаваў прафкам ўстановы.

Запісала Алена СМУСЯНОК.
Фота А. Шпаруна і з інтэрнэту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *