З горада ў вёску? Лёгка!

Тэрыторыя моладзі

Вадим-ПархоменкоПрыгожы горад на маляўнічых берагах Заходняй Дзвіны і Віцьбы са шматлюднымі вуліцамі, кінатэатрамі і кафэшкамі, вялікімі крамнымі вітрынамі і загружанымі транспартам дарогамі. Да яго роднага Віцебска цяпер 430 кіламетраў…
А вакол ужо чароўныя вясковыя пейзажы.

Рашэнне пераехаць з радзімы Марка Шагала на бацькаўшчыну Івана Мележа было добра абдуманым. Яшчэ будучы студэнтам Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, ён тройчы праходзіў у Глінішчы практыку. Спадабаўся юнаку аграгарадок, мясцовае сельгаспрадпрыемства, калектыў, таму і вырашыў пачаць сваю працоўную біяграфію менавіта тут.
Зараз Вадзім Пархоменка – галоўны ветэрынарны ўрач КСУП імя Мележа. «Адказную пасаду даверылі, засталося атрымаць дом, службовую машыну і знайсці дзяўчыну», – з усмешкай гавораць у калектыве. І гэтыя задачы паступова вырашаюцца: хутка малады чалавек будзе гуляць наваселле ў новым доміку – там ужо заканчваюцца ўнутраныя рамонтныя работы. Разглядаецца пытанне аб набыцці службовага аўтамабіля, каб замацаваць яго за маладым ветурачом. Ну а наконт дзяўчыны, гэта справа ўжо за ім.
Усё гэта планы, а пакуль Вадзім актыўна ўключыўся ў работу. Цікава назіраць, з якой пяшчотай і любоўю ён адносіцца да сваіх падапечных. «Гэтаму лімфавузел выдаляў, таму зонд ставіў, а гэтаму ножку лячыў», – ідучы па хляву, з захапленнем расказвае ветурач. Яго працоўны дзень заўсёды спланаваны. З раніцы і да вечара на фермах. Аб’язджае Глінішча, Алексічы, Тунеўшчыну, Слабажанку, Дуброву… Чалавек, які займаецца любімай справай, асабліва ў сельскай гаспадарцы, не лічыць гадзіны, якія ён праводзіць на працы. Не робіць гэтага і Вадзім. Калі якой-небудзь кароўцы патрэбна лячэнне, ён прыходзіць на дапамогу ў любы час сутак.
«Ты мой харошы, не бойся, хадзі сюды», – малады чалавек размаўляе з цялём і гладзіць яго па мордачцы. Тое адразу супакойваецца і цягне сваю пыску да яго рукі. «У кожнай жывёлы свой характар, – гаворыць Вадзім, – да кожнай патрэбны асобны падыход».
Малады чалавек прызнаецца, што з горада ў вёску пераязджаць няпроста – кантраст адчувальны. Але гэта выдатная магчымасць кардынальна змяніць сваё жыццё, атрымаць урокі самастойнасці. У вольны час чытае спецыяльную літаратуру, часта ездзіць адпачываць у раённы цэнтр. Яму падабаецца наш горад і добраўпарадкаваныя вёскі. Уразілі і сучасныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы: толькі новыя жывёлагадоўчыя комплексы чаго вартыя! На такіх і працаваць прыемна.
Вадзім – кантактны, абаяльны юнак, таму хутка ўліўся ў калектыў. Нягледзячы на малады ўзрост, калегі яго паважаюць, прыслухоўваюцца да яго меркаванняў і парад. Яму даверылі здароўе ўсёй жывёлы гаспадаркі – а гэта вялікая адказнасць.

 

СергейМаладому чалавеку вельмі важна мець свой кут, таму пачынаючых спецыялістаў у нашым раёне імкнуцца адразу забяспечыць жыллём. Сяргею Міцуры ключы ад двухпакаёвай кватэры ў новай пяціпавярхоўцы па вул. Савецкай далі на другі дзень пасля яго прыезду ў Хойнікі. Зараз ён абжываецца ў ёй, набывае мэблю: спальня ўжо цалкам абстаўлена, цяпер чарга ўладкоўваць кухню. Дарэчы, на маё пытанне аб прыгатаванні ежы юнак жартуючы адказаў: «Так, гатую сам, па мне ж гэта бачна». Наогул у Сяргея выдатнае пачуццё гумару.
Родам прыемны малады чалавек з Мазыршчыны. Сёлета закончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і па размеркаванню прыехаў на работу ў наш раён. Спачатку планавалася, што ён працаваць будзе ў адным з сельгаспрадпрыемстваў, але адбыліся змены, і яму даверылі пасаду галоўнага эканаміста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Засвоіць усе тонкасці эканамічнай справы на практыцы маладому чалавеку дапамагаюць старэйшыя калегі. Дарэчы, Сяргей вельмі задаволены калектывам райсельгасхарчу. Тут працуе многа маладых, інцыятыўных работнікаў, з якімі ён ужо паспеў пасябраваць.

Екатерина-Олеговна

Тахта, шафа, халадзільнік, камод… Новы дом № 31 па вуліцы Савецкай у вёсцы Барысаўшчына паступова запаўняецца мэбляй і электрабытавой тэхнікай. Кацярына Аўсяннікава – яго гаспадыня (дарэчы, першая, бо жыллё толькі нядаўна здалі ў эксплуатацыю) мае добры густ, таму інтэр’ер атрымліваецца ўтульным і прыгожым. Зручна, што ад работы службовы домік знаходзіцца блізка.
А працуе мілая, усмешлівая дзяўчына ў КСУП «Аравічы» галоўным эканамістам. У наш раён сёлета прыехала па размеркаванню пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Зараз паступіла на завочную форму навучання ў Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт імя П.А. Сухога.
Родам жа Кацярына з суседняга Брагіна. Замацоўвацца ў сваім раёне мэты не ставіла, а вось Хойнікшчына ў прафесійным плане яе прывабіла. У маі ў «Аравічах» праходзіла практыку, ёй спадабаліся і работа, і калектыў, таму з задавальненнем згадзілася тут адпрацоўваць.
Зараз малады спецыяліст стараецца як мага хутчэй спасцігнуць спецыфіку прафесіі, выконвае сваю справу з уласцівай ёй добрасумленнасцю. А ў вольны час захапляецца азіяцкай культурай, у прыватнасці музыкай і кінематографам. Акрамя таго, у Інтэрнеце прымае ўдзел у стварэнні субтытраў, перакладае фільмы з англійскай мовы на рускую. Наогул, Кацярына вельмі цікавая і неардынарная асоба.

Падрыхтавала Наталля ЧЭКАН.

 

 

 



2 комментария по теме “З горада ў вёску? Лёгка!

  1. Очень понравился парень на первом фото, было бы интересно узнать о нем побольше.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *