Адзін дзень карэспандэнта на хойніцкай аўталаўцы: тавары куплялі, яблыкамі частавалі, замуж звалі

Наши проекты

Еду на машыне, гляджу ў акенца, думаю аб чымсьці сваім, мару, назіраю, як падае лісце з дрэўцаў, як недзе ўдалечыні пасвіцца конь.

Сапраўды, рамантыка неверагодная. Люблю такія моманты, калі я знаходжуся ў дарозе.

Аўторак. Родную рэдакцыю ў гэты дзень прамяняю на хойніцкую аўталаўку «Еўраопт». Пагляджу, як там справы, што купляюць жыхары, ці зручна ім з магазінам на колах. І, зразумела, паслухаю вясковыя навіны. Сяльчане ж за словам у кішэню ніколі не лезуць (ведаю не па чутках). Значыць, паважаныя чытачы, паступова рыхтуйцеся да дыялогаў у гэтым тэксце. Бо іх у мяне будзе нямала. Падзялюся і з вамі.

Перад адпраўленнем загружаемся на базе таварамі. Вадзіцель Аляксандр Іванюшка і прадавец Алеся Бондар гэтым хуценька і займаюцца. У асартыменце мяса, малочныя прадукты, крупы, прысмакі, хлеб, гародніна і садавіна. Павінна хапіць ўсім пакупнікам, затарыліся добра.

У маршруце ў нас пяць вёсак и пяць вуліц райцэнтра. Патрэбна паспець аб’ездзіць да 18.40.

Недзе ў 10 гадзін мы збіраемся ў першую нашую кропку – Карчовае. Працяжна сігналім – знак таго, што мы на месцы. Дарэчы, тут у нас чатыры прыпынкі.

«Вось бабулька каля каліткі стаіць, нас выглядвае. Яна нярэдкая госця перасоўнага магазінчыку. Ведаеш, а некаторыя, бывае, звоняць, калі мы на некалькі хвілін спазняемся. Народ хвалюецца. Бывае, што затрымаемся ў якой-небудзь вёсцы з-за вялікай колькасці пакупнікоў», – расказвае вадзіцель.

Паціху пачынае ўтварацца чарга. Падыходзіць жанчына з сумкай у руках. Знаёмлюся. Лідзія Нікіфараўна спяшаецца да прылаўка. Тым часам Алеся (дарэчы, мая кума) вылезла з кабіны, зайшла ў будачку, дзе ўжо рыхтуецца абслугоўваць пакупнікоў. Тут кожнаму з іх выдаецца чэк, а расплачвацца можна і картай. Аднак, не заўсёды сувязь «ловіць».

– Дай, донька, мне хлеба, малака, кумпячкі (окорочка), – у акенца гаворыць прадаўцу 80-гадовая бабуля.

– Усё ёсць, – прабівае тавары Алеся.

«Маці, купі капусту, буду сёння салянку рабіць», –прыехаў да аўталаўкі мужчына. А потым знік. І зноў вяртаецца, толькі не з пустымі рукамі: частуе мяне яблыкамі. А далей замуж пачаў зваць. Цікавы аказаўся карчовец.

Едзем далей. Прыпыняемся. «Смачнае што ёсць? А спінкі ё? А пляшка? (па сакрэту скажу: хадавы тавар) А кільку прывезлі? А ваду магчыма заказаць?», – такія пытанні задавалі жыхары. Сапраўды, прыемны бонус для кліентаў – тавары заказваць таксама магчыма.

Злазім у Мархлеўску. Ведаеце, да аўталаўкі людзі прыходзяць не толькі купіць хлеб, але пагутарыць з аднавяскоўцамі. Так і казалі: «Прыходжу, каб пабачыць людзей, даведацца, як жывуць, якія навіны». А яшчэ я зразумела, што прадавец для многіх сяльчан – гэта як родзіч.

«Мы заўсёды чакаем сваю Лесю. Яна ў нас вельмі добрая і прыгожая. Так добра нас абслугоўвае, пенсіянераў. Без яе, як без рук», – казалі мне і ў Карчовым, і ў пасёлку Акцябр, і ў Паселічах. Відавочна, што гэта было шчыра, ад душы.

Зручна, што ёсць аўталаўка. Асабліва, не маглі нарадавацца хатцы на колах пажылыя людзі, у якіх баляць ногі. Толькі хацелі, каб лавачкі змайстравалі на прыпыначных пунктах. Бо няма дзе прысесці.

Зноў мы ў дарозе. Цяпер адпраўляемся на вул. Завадскую райцэнтра. На гадзінніку 13.00. Прадукты яшчэ ляжаць. Іду на разведку, гляджу, што хочуць купіць хайнічане.

– А навошта Вам 5 кілаграмаў солі? – пытаюся ў жанчыны.

– Свінню на гэтым тыдні будзем ладкаваць, – з усмешкай мне яна адказвае.

А людзі падцягваюцца і падцягваюцца. Мабыць, вырашылі спустошыць усю аўталаўку.

У 14.00 мы прыбылі на вул. Малішэўскую. «Наш сабака Дружок па сігналу выяўляе, калі вы едзеце, мяне здымаюць, а я марафет не навяла», – кажуць нам жыхары.

Я з інтарэсам назірала, у чым «захоўваюць» грошы кліенты магазіну. Хтосьці ў паперцы, нейкіх стыльных пакетах, а некаторыя ў ёмістасцях з-пад вітамін. А прыязджалі скупляцца на веласіпедах, скутэрах. Набяруць поўны кошык і вязуць да хаты. Гэта так незвычайна выглядае!

– А мне, калі ласка, батон і дзве ўпакоўкі малака, – прыбёг за прадуктамі маленькі хлапчук Вадзім. Мабыць, гэта было ў Паселічах. Цяжка яму крыху несці…

А вось і жанчына імчыцца на гук сігнала. Заўтра ў яе будуць ставіць вокны, таму патрэбна мяса, есці работнікам варыць прыйдзецца. З задавальннем прадаём курыцу.

Вадзіцель заводзіць машыну. У канцы свайго маршруту мы прыязджаем на вул. Будзённага і 60-ці камсамольцаў-падпольшчыкаў. І тут нас чакалі чалавек 10. Цямнее ў горадзе. А мы яшчэ працуем. У 18.50 – на базе.

А заўтра аўталаўка паедзе ў другія вёскі…

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *