Запаведная экзотыка

Экономика

IMG_0441Англійскі паэт 17 стагоддзя Джон Мільтан пры апісанні рая памясціў Эдэмскі сад за вялікай мураванай брамай, вакол якой сцяна чорнага лесу. Трапіць у гэты міфічны сад няпроста, таму што падарожніка на кожным кроку чакаюць перашкоды. Але, пераадолеўшы іх, можна атрымаць асалоду ад дзіўнай прыгажосці цудоўных дрэў, галінкі якіх зіхацяць дыямантавым бляскам.
Прыблізна тое ж адчула на асабістым вопыце, калі разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка М.В. Краўчанкам пабывала ў Радзінскім лясніцтве. Там знаходзіцца раслінны пітомнік, створаны на тэрыторыі запаведніка ў 1993 годзе.
IMG_0327Прыгажосць восеньскай палітры, у якую быццам пафарбаваны невядомым мастаком шматлікія дрэўцы і кустоўе, немагчыма параўнаць з ізумруднай прасторай улетку. І там, і там ёсць свой непаўторны шарм, але менавіта восеньскія колеры больш зіхацяць пад яшчэ цёплым сонейкам.
Экскурсію ў багаты свет флоры правёў ляснічы Радзінскага лясніцтва Генадзій Ерафеевіч Раманоўскі, які ўжо 22 гады працуе ў запаведніку.
IMG_0398Па яго словах, работа ў пітомніку на плошчы 0,26 га накіравана на вырошчванне і назіранне за ляснымі і пладова-ягаднымі культурамі. Менавіта там закладваецца насеннае аддзяленне для дзікіх парод груш, яблынь, абрыкосаў, каб надалей захаваць сартавую прыкмету культурнай расліны. Прасцей кажучы, да дзікага сорту, напрыклад, яблыні-дзічкі, прышчэпліваюць культурны сорт, павялічваючы колькасць культурных саджанцаў. Наступны крок – маніторынг расліны, назіранне за яе ростам, паводзінамі пры пэўных кліматычных умовах.
Відавая разнастайнасць у пладовым пітомніку ўражвае: акрамя звыклых нашаму воку дрэўцаў яблынь, груш, сліў, грэцкіх арэхаў, тут вырошчваюць персікі і незвычныя для нашых шырот акцінідзіі – гэта іх ягады з’яўляюцца непараўнальным канцэнтратам вітаміна С і знешне нагадваюць ківі.
IMG_0418– У запаведніку, магчыма, адзіная ў Беларусі і самая вялікая алея акцінідзіі, – з гонарам прызнаецца Генадзій Ерафеевіч. – Звычайна беларускія садаводы гэтым відам раслін не займаюцца.
Паспрабаваць на смак гэтых «райскіх» пладоў не атрымалася: хаця акцінідзіі спеюць у верасні, на жаль, сёлета кусты не пладаносілі.
Пачатак кастрычніка – зусім не азначае заканчэнне садовых работ. Зараз на тэрыторыі пітомніка працуюць над закладкай ясеня.
IMG_0395Каля пітомніка знаходзіцца дэндрапарк, дзе растуць рубінавы барбарыс, каралавая брызгліна, дзікі вінаград, карысны глог і іншыя экзатычныя для нашых шырот кедр, піхта, дуб чырвоны, лістоўніца. Дэндрапарк быў заснаваны ў 2007 годзе па ініцыятыве дырэктара запаведніка П.М. Кудана, які з энтузіязмам самастойна шукаў усемагчымыя экземпляры рэдкіх саджанцаў і старанна сачыў за тым, як яны прызвычайваюцца да мясцовага клімату. Зараз у ценю піхтавай алеі дастаткова правесці нават некалькі хвілін – ад галаўнога болю не застанецца і следу.
– Залог поспеху ў вырошчванні высакаякасных саджанцаў, – завяршае нашу размову Г.Е. Раманоўскі, – гэта добры догляд за раслінамі. Неабходна ўсё рабіць своечасова, толькі тады дасягнем поспеху, да якога імкнёмся – патрэбна атрымаць афіціыйны дазвол на продаж прадукцыі пітомніка на беларускім рынку.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *