За радком Дэкрэта №18 І сумленне не мучыць


Большасць спраў, якія разглядваліся на чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкоме, датычылі Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”.
 
Жыхары вёскі Езапоў Юрый Мікалаевіч і Людміла Мікалаеўна Гуркіны не лічаць патрэбным наведаць сваіх трох дзяцей, змешчаных у Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак. Тут жа на дзяржаўным забяспячэнні знаходзяцца дзеці Алены Васільеўны Куліцкай і Валерыя Русланавіча Шутава. Гора-маці назвала сваёй асноўнай праблемай слабы характар. То ён (характар) не дазваляе адмовіць сяброўкам скласці кампанію, то прымушае парушыць “кадзіроўку” (а працэдуру гэту гора-маці праходзіла тройчы), то на працу не дае выйсці. А яна, слабая жанчына, вельмі хоча аднавіць сям’ю. Вось толькі растлумачыць, навошта пазваніла дзецям у прытулак і сказала, што іх хутка забяруць ад яе назаўсёды і аддадуць чужым людзям, так і не здолела. Жанчына ўсімі сродкамі хацела паказаць, што ў склаўшыхся абставінах яна – ахвяра.

Не змяніла ладу жыцця і Клаўдзія Віктараўна Літвінка, маці двух дзяцей. А часу на гэта было дастаткова: на ўнутрышкольным уліку гэтая сям’я знаходзіцца амаль 12 год. Запазычанасць па аплаце камунальных паслуг перавышае 2,5 мільёна рублёў. Як можна вярнуць дзяцей у кватэру, дзе на працягу пяці год адсутнічае электрычнасць? Ды і гэтае службовае жыллё могуць адабраць па рашэнню суда. 

На дзяржаўнае забеспячэнне трох дзяцей хайнічанкі Людмілы Васільеўны Сямёнавай забралі ў снежні летась, за прайшоўшы час яна толькі аднойчы пазваніла ў прытулак, каб павіншаваць з днём нараджэння дачку Галіну. У процівагу гарачым абяцаннем выправіцца становяцца прагулы на рабоце, п’янства, нежаданне жанчыны лячыцца, рабіць рамонт у доме.
 
Есць сярод гэтых сумных гісторый і пробліскі святла. Галіна Мікалаеўна Гнядзько прайшла лячэнне, перыядычна наведвае нарколага, станоўча характарызуецца па месцу працы, нават пачала сумяшчаць дзве работы. Калі так будзе і надалей, у яе ёсць усе шанцы вярнуць дзяцей.

Аксана Анатольеўна Ронжына прызналася, што ва ўсім вінавата яна. Есць жаданне выпраўляць памылкі, каб быць разам з дзецьмі.  Таісія Мікалаеўна Мінчык, маці двух дзяцей, прайшла лячэнне, старанна выконвае сваю работу, падтрымівае парадак у доме. Вось толькі бацька малодшай дзяўчынкі працягвае злоўжываць алкагольнымі напіткамі.

У бягучым навучальным годзе СШ № 1 г. Хойнікі не далічылася двух вучняў. Не ходзіць у школу Крысціян Лаўрынаў, які закончыў у мінулым годзе другі клас. Сям’я Лаўрынавых не мае грамадзянства Рэспублікі Беларусь, летась было прынята рашэнне дэпартаваць іх на радзіму, у Казахстан. Але чаму, застаўшыся жыць у раёне, дарослыя не звярнуліся ў аддзел адукацыі райвыканкома, бабуля Крысціяна не змагла адказаць. Таццяна Бяляй ужо павінна была заканчваць першы клас. Яе маці, жыхарка вёскі Карчовае Алена Уладзіміраўна  Бяляй 10 гадоў назад прыехала ў раён з Дагестана. За гэты час яна не толькі не атрымала пашпарт па дасягненню паўналецця асабіста для сябе, але і не аформіла пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.

Пасля пасяджэння камісіі нехта з бацькоў паспяшаўся дамоў, каб і надалей трымацца выбранага шляху выпраўлення. А нехта, як Алена Васільеўна Куліцкая, падхапіўшы пад рукі сябровак, якіх яшчэ паўгадзіны назад абвінавачвала ў сваіх праблемах, весела ўсміхаючыся, накіроўвалася па шляху, дзе сумленне не турбуюць дакучлівыя камісіі, строгія начальнікі і ўласныя дзеці…


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *