Непахісны сямейны саюз

Людзі і лёсы

DSC_0011Яшчэ ў старажытнасці рымскі філосаф Пліній пісаў, што няма колеру, які больш прыемны для вока, чым ізумрудны. Ізумруд – камень мудрасці і стрыманасці, дае спакой людзям, якія яго носяць. А бывае яшчэ ізумруд пражытых сумесна гадоў – такі, як у сям’і Івана Яфімавіча і Раісы Адамаўны Пашко з вёскі Небытаў, якія адзначаюць сёння 55-годдзе сумеснага жыцця. Цяпер гэтыя юбіляры па праву могуць прэтэндаваць на званне ідэальнай сямейнай пары. Яны разам ідуць па жыцці, пераадольваючы ўсе цяжкасці і нягоды, радуючыся поспехам і шчаслівым мінутам быцця.
Апачыналася гэта гісторыя ў далёкія 50-я гады мінулага стагоддзя. На танцах у клубе выпускніцу восьмага класа мясцовай школы, пятнаццацігадовую Раю заўважыў бравы хлопец. Ён толькі што вярнуўся са службы ў арміі, якую праходзіў ва Усурыйскім краі і быў старэйшы за яе на дзесяць гадоў. Іван перадаў гармонік свайму сябру-суседу, а сам запрасіў дзяўчыну на танец. Як і ў любой пары, завязалася сяброўства, якое паступова перарасло ў каханне. Вяселле згулялі толькі праз чатыры гады, калі Раі споўнілася 19 гадоў.
І пачалі паціху «віць» сваё сямейнае гняздзечка. Пабудавалі дабротны дом па вуліцы Партызанскай вёскі Небытаў, які сёння выгадна адрозніваецца сярод большасці іншых – пакінутых і забытых. Можа па гэтай прычыне дом юбіляраў здаўся нам сапраўдным аазісам. Яшчэ даволі моцны, дагледжаны, пафарбаваны ў вясёлы жоўты колер – адразу відаць, на стагоддзі будавалі.
І сёння гаспадары не сядзяць без справы. Клапатлівай рукой прыведзены ў парадак і двор, і агарод. Раней у хлеўчуку задаволена рохкалі свінні, у аброці стаяў конь – дамашні працаўнік, і прысядзібны ўчастак быў вельмі вялікі. Цяпер Пашко трымаюць толькі курэй ды дзесяць сотак агароду апрацоўваюць, але заўважаюць, што сёлета добры ўраджай гародніны і бульбы атрымалі.
Учысценькім і ўтульным доме сустрэлі нас прыветна, гаспадары ахвотна адказвалі на пытанні, дзяліліся ўспамінамі. Разам мы разглядалі шматлікія ўзнагароды Івана Яфімавіча, сярод якіх медаль «За працоўную доблесць», некалькі знакаў ударніка пяцігодак і пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. Усё жыццё гэтага чалавека было звязана з хойніцкім дрэваапрацоўчым камбінатам, у яго працоўнай кніжцы толькі адзін запіс, не лічачы перамены назваў прадпрыемства. Адмысловы сталяр, ён выхаваў не адно пакаленне рабочых па сваёй спецыяльнасці. І дома амаль уся мэбля выраблена яго рукамі і праслужыць яшчэ доўга. Ды і душа ў Івана Яфімавіча, як раскрытая кніга. З выгляду, быццам і сур’ёзны занадта, нават, можа быць, і суровы. Але толькі заводзіш з ім размову – і пераконваешся ў зваротным.
Такая ж адкрытая, з добрай усмешкай Раіса Адамаўна. Паглядзіш у яе вочы і разумееш, што яна нават у самыя цяжкія мінуты можа перамагчы жыццёвыя перыпетыі, сваім запалам падняць настрой не толькі сабе, але і акружаючым. Гэту сваю галоўнейшую рысу характару захавала яна і да цяперашняга часу, хаця лёс не балаваў лёгкім жыццём. Спачатку працавала на кансервавым заводзе, затым у гартопе, а пятнаццаць гадоў перад выхадам на пенсію – на пошце. Яна вельмі ўдзячна кіраўніцтву РВПС за тое, што не забываюць яе, віншуюць з дзяржаўнымі святамі і абавязкова з Днём Перамогі як непаўналетняга вязня фашысцкіх канцлагераў.
Ізумрудныя юбіляры расказвалі аб тым, што яны і самі многа працавалі, прывучалі да працы і трох сваіх дзяцей – дзвюх дачок Алу і Марыну, сына Аляксандра, які пераняў ад бацькі сталярскую навуку. Асабліва ганарацца Іван Яфімавіч і Раіса Адамаўна сваімі ўнукамі – старэйшыя Вадзім, Марына і Вера маюць вышэйшую адукацыю, малодшыя – першакласніца Палінка і паўтарагадовы Максімка. Але самая вялікая гордасць за праўнукаў, якім дадзены прыгожыя імёны – Вікторыя, Валерыя, Кірыл.
Сёння ўсе яны збяруцца за адным сталом, падораць сваім дарагім людзям словы віншаванняў і пажаданняў. Бацькі шчаслівыя, што побач з імі любячыя родныя, што аб іх клапоцяцца і жадаюць даўгалецця. І якой радасцю засвецяцца вочы ізумрудных юбіляраў, чый сямейны саюз непахісны.

Клаўдзія БОСАК.

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *