Аб тым, што важна для нас

VI Всебелорусское народное собрание Главное

У Гомелі прайшоў абласны форум дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу

Удзельнікамі сходу ў абласным цэнтры сталі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, намеснік прэм’ер-міністра Юрый Назараў, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, выканаўчай улады, працоўных калектываў.

Удзел у масштабным мерапыемстве прынялі і прадстаўнікі Хойніцкага раёна.

Усяго Гомельскую вобласць на усенародным форуме будуць прадстаўляць 310 дэлегатаў – дэпутатаў і членаў грамадскіх аб’яднанняў. Гэта людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, прадстаўнікі розных сфер.

На абласным сходзе дэлегаты абмеркавалі асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады, падвялі вынікі развіцця Гомельскай вобласці ў мінулым пяцігоддзі, задавалі пытанні.

Як адзначыў у сваім выступленні міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў: «Прыярытэт Праграмы – развіццё рэгіёнаў. Неабходна звярнуць увагу на канкурэнтныя перавагі кожнай тэрыторыі і патэнцыял кожнай вобласці. Так знойдзем тыя напрамкі, якія стануць штуршком развіцця. А на Гомельшчыне гэта машынабудаванне, ІТ, сельская гаспадарка, прыватны бізнес. Пастаўленыя мэты будуць дасягнуты».

Абмеркаваны перспектывы развіцця нашай вобласці ў адукацыі, медыцыне, аграпрамысловым комплексе, умовы паляпшэння інфраструктуры ў раёнах.

Дэлегаты задавалі пытанні міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, намесніку міністра сацыяльнай абароны на тэму дыферынцыраванай аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, дэкрэтнага водпуску, будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў.

Сярод агучаных прапаноў – больш увагі надаваць рабоце з моладзю і выхаванню патрыятызму ў падрастаючага пакалення, актыўней ствараць міжрэгіянальныя медыцынскія цэнтры, завастрыць увагу на кадрах і заробках работнікаў культуры. Гэта яшчэ не ўсе пажаданні і пытанні, яшчэ больш іх будзе агучана ў час правядзення Усебеларускага народнага сходу.

Да галоўнага мерапрыемства амаль два тыдні. Сваю работу працягнуць дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя. Збор пытанняў, прапаноў і пажаданняў працягваецца.

Нагадаем, наш раён на народным сходзе будуць прадстаўляць 10 чалавек: 8 дэпутатаў і 2 прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Узначаліць дэлегацыю Хойніцкага раёна старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка. Дэпутацкі корпус прадстаўляюць: Дзмітрый Старасценка, генеральны дырэктар ААТ «Гомельаблаўтатранс»; Галіна Бондар, старшыня раённага Савета дэпутатаў; Вольга Белаш, галоўны рэдактар раённай газеты «Хойніцкія навіны»; Дзмітрый Барысенка, намеснік дырэктара ТАА «СПЕЦСлавія»; Сяргей Несцярэнка, дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік»; Віктар Сацура, начальнік РАНС; Алег Федзянько, галоўны ўрач ЦРБ; Мікалай Чубянок, дырэктар ФГ «Родны шлях». Ад рэспубліканскага грамадскага аб’яднання дэлегіраваны намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер.

Сяргей КУШНЕР, намеснік старшыні райвыканкама:

– І сённяшні абласны сход, і запланаваны агульнабеларускі народны форум адношу да знакавых падзей у жыцці рэгіёну і ўсёй краіны ў цэлым. Сёння была выказана падтрымка асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на бліжэйшы пяцігадовы перыяд. Дабрабыт і спакойнае жыццё залежаць ад кожнага з нас, ад нашай працавітасці і адказнасці. Мы перш за ўсё грамадзяне сваёй краіны, і нам тут жыць і працаваць, кахаць, заводзіць сем’і і выхоўваць дзяцей, будаваць дамы і ствараць прыгажосць вакол сябе. Толькі нам вырашаць, як нам жыць далей.

Вольга БЕЛАШ, галоўны рэдактар раённай газеты «Хойніцкія навіны»:

– Сённяшні форум – адна з найважнейшых падзей у падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу ў рэгіёне. Ён вянчае сабой усё, што было назапашана на дыялогавых пляцоўках у вобласці. У гэтай зале сабраліся сапраўдныя патрыёты з усёй вобласці, якія павязуць у сталіцу цікавыя ідэі і прапановы. У чарговы раз падкрэслю, што наша сіла – у адзінстве. І ў гэты год, аб’яўлены Прэзідэнтам як Год народнага адзінства, усе павінны працаваць на гэтую мэту. Пераламаць галінку проста, а калі мы будзем разам, зламаць нас не атрымаецца. І ўсё ў нас будзе добра. Самае галоўнае – надзея, вера і любоў да нашай роднай прыгожай, моцнай і квітнеючай Беларусі!

Мікалай ЧУБЯНОК, дырэктар фермерскай гаспадаркі «Родны шлях»:

– Лічу вялікім гонарам для сябе ўпершыню стаць удзельнікам такога маштабнага народнага веча і ўжо на яго рэгіянальным этапе апынуцца сярод аднадумцаў для абмеркавання надзённых пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, выпрацоўваць стратэгію мер для далейшай работы. Гэты форум – магчымасць выказаць свой пункт гледжання, сваю пазіцыю, сваё бачанне агульнага шляху. Сёння мне вельмі спадабаліся выступленні спікераў – яны былі прасякнуты патрыятызмам і аптымізмам. У прыватнасці, выступленне ваеннага камісара вобласці Андрэя Крываносава, галоўнага ўрача Брагінскай ЦРБ Ігара Кірэні і інш.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *