Старшыня калгаса, мантажнік і загадчыца атэлье: хто з хайнічан прымаў удзел ва Усебеларускім народным сходзе

VI Всебелорусское народное собрание

Ужо на наступным тыдні дэлегаты з усёй краіны збяруцца ў сталіцы на VI Усебеларускі народны сход. Як ён пройдзе, мы раскажам у наступным нумары газеты.

А сёння вырашылі ўзгадаць удзельнікаў народнага веча ад нашага раёна на папярэдніх УНС. У гэтым нам дапамаглі падшыўкі «Ленінскага сцяга» – гартаючы пажаўцелыя газетныя старонкі, знайшлі хайнічан, якія прадстаўлялі Хойнікшчыну на сходзе ў розныя гады і іх уражанні пасля паездкі ў Мінск.

 Першы

(19-20 кастрычніка 1996 года)

Хойніцкі раён на форуме прадстаўлялі галоўны педыятр раёна М.І. Яваш, старшыня прафсаюзнага камітэта рамонтнага завода М.М. Жаўняк, загадчыца атэлье раённага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва В.І. Паўлоўская, старшыня калгаса «Ленінскі шлях» У.Л. Бондар, старшыня прафсаюзнага камітэта раённага спажывецкага таварыства З.П.Чэкан, рэдактар раённай газеты «Ленінскі сцяг» У.С. Далгалычанка, дырэктар фабрыкі мастацкіх вырабаў Г.М. Рабінкіна, дырэктар хойніцкага краязнаўчага музея М.С. Скрыпчанка, намеснік дырэктара гарадской сярэдняй школы № 4 Г.В. Дашкевіч.

У якасці запрошанных у рабоце Усебеларускага народнага сходу прымалі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Р. Акушка, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.І. Баранаў і намеснік старшыні райвыканкама па інфармаванню насельніцтва і сувязях з грамадкасцю В.С. Васькевіч.

Дырэктар фабрыкі мастацкіх вырабаў Г.М. РАБІНКІНА:

– Абстаноўка была добразычлівай, адчувалася зацікаўленасць людзей у станоўчай рабоце форуму. Гэта было прыкметна адразу. Не прапускалі ўдзельнікі ніводнага слова ні Прэзідэнта, ні выступаючых. Калі гаварылі па тэме і канкрэтна, то іх падтрымлівалі і адабралі. А калі хто забываўся і адступаў у другі бок, то такога прамоўцу спынялі апладысментамі непрыймання.

Я задаволена вынікамі работы Усебеларускага народнага сходу. Самае галоўнае, што большасць яго дэлегатаў разумеюць, наколькі зараз важна захоўваць узаемаразуменне і разважлівасць у любым пытанні. Нават ва ўзаемаадносінах з апазіцыянерамі і іншадумцамі трэба праяўляць цярпімасць. Прыклад мудрасці паказаў сам Прэзідэнт, згадзіўшыся на тое, каб правесці рэферэндум 24 лістапада.

Другі

(18-19 мая 2001 года)

У выніку адкрытага галасавання дэлегатамі другога Усебеларускага народнага сходу ад Хойніцкага раёна былі абраны старшыня раённага Савета дэпутатаў В.І. Баранаў, абласны ваенны камісар М.І. Капля, дырэктар КСУП «Судкова» А.А. Максімовіч, мантажнік раённага вытворчага аб’яднання «Сельгастэхніка» А.Д. Мазырэц, майстар участка вышыўкі і пашыву фабрыкі мастацкіх вырабаў В.Р. Марозава, старшыня райвыканкама М.І. Садчанка, старшыня Барысаўшчанскага сельсавета А.У. Сташкевіч, загадчыца Хвойнапалянскага ФАПу Н.А. Стрыжак.

Дырэктар КСУП «Веляцін» В.У. МІГАЙ:

– У сваёй прамове на Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка значную ўвагу ўдзяліў адказнасці кіраўнікоў.

Сёння цяжка ўсім, праблемы ёсць на кожнай вытворчасці, асабліва ў сельскагаспадарчай. І наша камунальнае сельгаспрадпрыемства ў гэтым плане не выключэнне. Таму стараемся заахвочваць добрасумленную працу нашых механізатараў, жывёлаводаў і паляводаў. Заработную плату мы паставілі ў залежнасць ад канчатковага выніку. Гэта з’яўляецца дзейсным матэрыяльным стымулам, які добратворна ўплывае на ход сельскагаспадарчых кампаній. Мы аднымі з першых у раёне справіліся з комплексам веснавых палявых работ і думаем, як і летась, вырасціць высокі ўраджай сельгаскультур. Гэта будзе сціплым укладам калектыву нашай гаспадаркі ў вырашэнне харчовай праграмы краіны, аб чым падрабязна гаварыў Прэзідэнт краіны на Усебеларускім народным сходзе.

Трэці

(2-3 сакавіка 2006 года)

У склад дэлегацыі, якая прадстаўляла наш раён на Усебеларускім народным сходе, былі дырэктар КСУП «Імя Мележа» В.М. Каральчук, лабарант ПВУП «Палескія сыры» М.Я. Феданчук, старшыня Хойніцкага райвыканкама М.І. Садчанка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.В. Кулік, электрамеханік сувязі раённага вузла электрасувязі С.В. Завадская, старшыня Барысаўшчанскага сельскага Савета А.У. Сташкевіч, механізатар КСУП «Судкова» Р.А. Сцішанок, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.І. Баранаў, настаўніца пачатковых класаў Віцьеўскай сярэдняй школы А.М. Сіраж.

Старшыня Барысаўшчанскага сельскага Савета, дэпутат раённага Савета дэпутатаў А.У. СТАШКЕВІЧ:

– Дэлегатам Усебеларускага сходу я была выбрана ў другі раз. Лічу, што за час, які прайшоў з II Усебеларускага сходу, народ Беларусі, яго кіраўніцтва актыўна працавалі, і ад гэтага ёсць вынікі: добраўпарадкаванне нашых гарадоў і вёсак, развіццё сацыяльнай сферы. Разам з тым расце і свядомасць людзей: яны дэманструюць больш актыўную жыццёвую пазіцыю, што выяўляецца ў канкрэтных справах.

На III Усебеларускім сходзе было нямала маіх калег. Нам было карысна абмеркаваць свае задачы і планы на будучае. Сельскія жыхары маюць права на тую даступнасць і тую ж якасць абслугоўвання, што і гараджане. А такія праблемы лепш вырашаць разам. Усе мы – частка нашай дзяржавы, і я ўпэўнена, што Беларусь далей будзе нармальна развівацца, нашы людзі будуць жыць дастойна, наша кіраўніцтва будуць паважаць, і мы разам будзем імкнуцца да лепшага жыцця.

Чацвёрты

(6-7 снежня 2010 года)

Аднагалосна дэлегатамі на чацвёрты Усебеларускі народны сход былі абраны: ваенны камісар Гомельскай вобласці П.Р. Алеська, старшыня Хойніцкага райвыканкама А.В. Бічан, старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, галоўны бухгалтар завода гідраапаратуры Л.М. Барадуліна, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Г.В. Дашкевіч, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў дрэваапрацоўчага камбіната В.А. Лабада, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі Н.У. Раманчык, урач-дэрматолаг цэнтральнай раённай бальніцы М.І. Ткачэнка, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь У.Р. Цалко, аператар машыннага даення КСУП «Аравічы» М.В. Штагер.

Аператар машыннага даення КУП «Аравічы» М.В. ШТАГЕР:

– Лічу за вялікі гонар удзельнічаць у рабоце важнейшага народнага форуму Беларусі. На ім многа ўвагі было ўдзелена сельскай гаспадарцы і адраджэнню вёскі. І гэта вельмі правільна, бо сёння вяскоўцы працуюць на нашу дзяржаўную бяспеку, экспарт сельгаспрадукцыі і сур’ёзнае замацаванне на сусветным аграрным рынку. Увачавідкі вёска запаўняецца новабудоўлямі, становяцца добраўпарадкаванымі дарогі, на дапамогу працаўнікам прыйшла сучасная тэхніка. У нашым сельгаспрадпрыемстве будуецца новая малочнатаварная ферма, на якой будзе выкарыстоўвацца навейшае халадзільнае абсталяванне.

Самае галоўнае, што на працу да нас прыходзяць маладыя спецыялісты. Гэта – наш асноўны капітал.

Пяты

(22-23 чэрвеня 2016 года)

Хойніцкі раён на пятым Усебеларускім народным сходзе прадстаўлялі дэлегаты: старшыня Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта А.І. Ціток,старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан, генеральны дырэктар ААТ «Гомельаблаўтатранс», дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Д.М. Старасценка, начальнік участка па вытворчасці камбікармоў КСУП «Саўгас-камбінат« Зара» С.М. Вашчыла, начальнік МТК аддзялення «Карчовае» адкрытага ААТ «Хойніцкі Аграсэрвіс» М.Р. Камеш, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Л.А. Гаркуша, наладчык аўтаматаў і паўаўтаматаў ААТ «Хойніцкі завод гідраапаратуры» А.В. Краўчук, ваенны камісар Гомельскай вобласці, дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў А.У. Крываносаў.

Першы сакратар РК ГА «БРСМ» Л.А. ГАРКУША:

– Ход Усебеларускага народнага сходу выклікаў у мяне моцныя ўражанні. У Мінску сабраліся людзі розных узростаў і прафесій, аб’яднаныя адным жаданнем: зрабіць для Радзімы як мага больш, падняць узровень дабрабыту ўсіх слаёў насельніцтва. Спадабалася таксама, што з высокай трыбуны было агучана, што зроблена ў краіне за мінулую пяцігодку, якія пазітыўныя змены адбыліся ў нашым грамадстве пасля чацвёртага Усебеларускага сходу.

Лічу, што ўдзел моладзі ў народным веча вельмі важна. Прыемна, што ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця вялікае месца адведзена рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. І на сходзе я ў чарговы раз адчула клопат маладога пакалення аб нашай выдатнай краіне, у якой не быць патрыётам нельга.

Падрыхтавала Наталля РЭВЯКА.

 Слоган сёлетняга УНС будзе гучаць як «Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *