Праца з настроем на чысціню

Главное

На Хойнікшчыне прайшоў абласны суботнік

Бясспрэчна, усе мы жадаем жыць на прыгожай, дагледжанай зямлі, хочам ганарыцца сваім раёнам, горадам або вёскай, домам. І гэта ў нашых руках, неабходна толькі ўсім разам узяцца за справу, разам навесці парадак у кожным населеным пункце, на вуліцы, на падвор’і.

У мінулую суботу на Хойнікшчыне, як і па ўсёй Гомельскай вобласці, быў арганізаваны суботнік. У асноўным работы вяліся на падведамасных тэрыторыях прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, у дварах і на вуліцах. Шчыравалі не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці. Адзначу, што некаторыя калектывы распачалі свае работы загадзя і да суботніка частка пастаўленых задач была выканана.

Каб дапамагчы веснавому сонейку справіцца з зімовымі рэшткамі, прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўныя калектывы, актывісты БРСМ, моладзь і школьнікі ўзялі ў рукі лапаты, граблі, венікі, пэндзалі…

Ачышчалі, падмяталі, збіралі і складвалі ў кучы галінкі і рознае смецце, бялілі дрэвы і бардзюры, пры дапамозе фарбаў надавалі новы выгляд малым архітэктурным формам і агароджам, займаліся ўстаноўкай плота – імкнуліся працаваць на агульную карысць, каб наш агульны дом стаў яшчэ больш прыгожым.

Сапраўды, у гэты дзень ніхто не мог паскардзіцца на дрэнны настрой. Па-першае, сумесная праца заўсёды ў радасць, ды і дзень выдаўся па-сапраўднаму цёплым і сонечным, што толькі дабаўляла ахвоты.

Падчас першага веснавога суботніка, пры жаданні, кожны змог знайсці сабе справу. І з улікам таго, што ў мінулую суботу быў, можна сказаць, дадзены старт марафону па добраўпарадкаванню, ёсць упэўненасць, што хутка наш горад і сельскія населеныя пункты пазбавяцца ад усяго бруду і смецця, якія хаваў снег, і набудуць па-сапраўднаму веснавы святочны выгляд.

Нагадаю, што сродкі, заробленыя падчас суботніка, будуць пералічаныя на пэўны рахунак райвыканкама і накіраваныя на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка», які размешчаны недалёка ад Гомеля. У гады вайны там дыслакаваўся легендарны партызанскі атрад «Бальшавік».

Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *