Красавіцкая ўборка — мы працуем шпарка, лоўка

Главное

Нягледзячы на тое, што на вуліцы пакуль шэра і даждліва, унутры многіх пасялілася непаўторнае адчуванне вясны, радасці, абуджэння, натхнення і жадання тварыць, назіраць за ператварэннем прыроды і, як толькі надыйдзе цяпло, праводзіць больш часу на свежым паветры.

Толькі ўявіце і ўзгадайце: як прыемна гуляць па вуліцам роднага горада ці вёскі. Слухаць, як спяваюць птушкі, любавацца кветкамі, якія распусцяцца на дагледжаных клумбах. Назіраць, як напаўняюцца шчаслівымі хлапчукамі і дзяўчынкамі яркія, свежапафарбаваныя дзіцячыя пляцоўкі. Прыкмячаць, як пабеленыя дрэвы з набраклымі ныркамі чакаюць-не дачакаюцца па-сапраўднаму цёплых дзён, каб размаляваць свае ўборы ярка-зялёнымі лісточкамі. Прысесці на лавачцы і ўдыхаць вясну…

Усё хутка будзе, але пакуль нам усім варта пастарацца, каб нішто не азмрочвала гэтую цудоўную карціну. Каб не адцягвалі ўвагу смецце ці непафарбаванныя агароджы. Каб кожны куток роднай Хойнікшчыны быў чысты і ўтульны, радаваў не толькі нас, жыхароў, але і гасцей.

У нашым жыцці ёсць нямала добрых традыцый, якія не варта забываць. І адна з іх – вясновыя суботнікі. Яны не толькі аб’ядноўваюць і збліжаюць людзей, але і прыносяць рэальную карысць у навядзенні парадку на роднай зямлі. Як гаворыцца ў народнай мудрасці, разам любая справа спорыцца. І нават вясновы дожджык не сапсуе настрой.

Вялікі дзякуй усім, хто сёння выйшаў на рэспубліканскі суботнік і ствараў прыгажосць. У прыватнасці гэтым маладым людзям, якіх вы бачыце на здымку. Калі я іх фатаграфавала, Ксенія сказала выдатныя словы:

– Хачу каб хутчэй пацяплела, сесці на веласіпед і імчацца насустрач вясноваму ветру. Прама адчуваю, як колы слізгаюць па асфальце, як развіваюцца валасы і ружавеюць шчокі, а міма праносіцца самы прыгожы горад на свеце – мае Хойнікі!

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *