Беларусь турыстычная: Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый, г. Ветка, Гомельская вобласць

Беларусь турыстычная

Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый наведалі навучэнцы дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Паездка атрымалася пазнавальнай.

У Год народнага адзінства так важна быць усім разам, адкрываць нязведаныя старонкі сваёй краіны, свайго роднага краю. Бо мы так мала ведаем пра нашу Радзіму.

З мэтай больш дэталёва пазнаёміцца з гісторыяй Гомельскай вобласці, пазнаёміць з ёй маладое пакаленне, выступіла ініцыятарам паездкі ў Веткаўскі музей. Ідэю падтрымалі выкладчыкі і навучэнцы ліцэя.

Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Шклярава, карэннага веткаўчаніна, выхадца з стараверскага роду, мастака, калекцыянера. Яго калекцыя мясцовай даўніны прыцягнула ўсеагульную ўвагу. Было прынята рашэнне аб стварэнні дзяржаўнага музея. Фёдар Рыгоравіч стаў яго першым дырэктарам. Экспазіцыі адкрыты ў 1987 годзе.

Першыя асобнікі абразоў, рукапісных і старадрукаваных кніг, прадметаў ткацтва былі прывезены Ф. Шкляравым і першымі яго памочнікамі з шматлікіх экспедыцый, арганізаваных на яго асабістыя сродкі.

Веткаўскі музей першапачаткова быў задуманы як музей мастацтвазнаўчага профілю. Бо гэтыя месцы – «запаведнік» старадаўніх абразоў і выдатна дэкараваных рукапісаў, як старажытных, так і тых, якія выйшлі з-пад рук мясцовых майстроў.

Навучэнцы ліцэя азнаёміліся з экспазіцыямі музея, даведаліся, якая вялікая даследчая і пошукавая работа па пошуку экспанатаў і аднаўленню іх гісторыі была праведзена.

З вялікім задавальненнем палюбаваліся калекцыяй самавараў, азнаёміліся з прыкладамі ткацтва, кнігадрукавання, прадметамі побыту нашых продкаў. Калекцыі ў музеі самыя разнастайныя: чаканных акладаў на абразы і кнігі; стараверскіх і беларускіх народных абразоў; службовых малюнкаў і прорысаў; старадрукаваных і рукапісных кніг; тканых ручнікоў і народных касцюмаў; літых абразоў, крыжоў; інструментаў, узораў і матэрыялаў; пазалочанай разьбы па дрэве; золатнага шыцця, шыцця жэмчугам; жывапісу; разьбы XIX-XX стагоддзяў; археалагічныя калекцыі. Усё унікальнае, якое захоўвае ў сабе даўнюю гісторыю. Каб зразумець і пранікнуць у сутнасць – мала паглядзець фота, лепш пабачыць усё на свае вочы.

Г. ВЯРГЕЙЧЫК, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Фота аўтара і з інтэрнэту.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *