Чорны смутак – чорны боль

Общество

Не забыць ніколі

У 15-ы раз прайшла раённая маладзёжная акцыя «Памяць» і традыцыйнае шэсце са свечкамі. Ініцыятарам гэтых акцый у 2006 годзе стаў райкам «БРСМ».

Да помніка Смутку ўсклалі кветкі ліквідатары аварыі, школьнікі, моладзь, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і проста неабыякавыя людзі. Памяць ахвяр Чарнобыля ўдзельнікі акцыі ўшанавалі хвілінай маўчання, а запаленыя свечкі як сімвал абнаўлення і працягу жыцця пакінулі каля падножжа манумента.

У рамках акцыі таксама прайшло тэатралізаванае прадстаўленне. Выдатная пастаноўка, якую падрыхтавалі таленавітыя хайнічанкі Алена Ляснічая, Паліна Ходас і Людміла Лобан, уразіла прысутных да глыбіні душы, да слёз…

Чарнобыль – слова, якое даўно стала сінонімам усеагульнай бяды. 35 год назад, у красавіку 1986 года адбылася самая маштабная аварыя ў гісторыі чалавецтва, якая пакінула шрамы як на сэрцах людзей, так і ў гісторыі беларускага народа.

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся відэамост «Прыпяць пад чарнобыльскім попелам», прысвечаны памяці Чарнобыльскай трагедыі. Арганізавана мерапрыемства Хойніцкай і Светлагорскай раённымі бібліятэкамі.

Не стрымліваючы слёз, удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі, жыхары выселеных вёсак, аб якіх сёння нагадваюць толькі пустыя хаты ды камяні з надпісам, дзяліліся ўспамінамі пра падзеі тых дзён, бо ёсць раны душы, якія не гояцца.

Слухаючы іх, прысутныя нібыта акуналіся ў мінулае, адчувалі на сабе страх тых падзей. Падрастаючаму пакаленню не зразумець, што давялося перажыць дарослым і дзецям. Таму патрэбна нагадваць, расказваць пра гэтыя моманты гісторыі. Таму што неабходна памятаць.

На базе аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшоў конкурс малюнкаў «Чарнобыль вачыма людзей з інваліднасцю, 35 год трагедыі».

Удзел прымалі каманды з Хойнік, Брагіна і Лоева.

Пры выбары пераможцаў журы звяртала ўвагу на творчую працу, арыгінальнасць, стыль выканання, задумку, адпаведнасць тэматыцы.

Немагчыма аддаць усім прэтэндэнтам першыя месцы. Але думаем, што ўдзельнікі, якія падалі на конкурс свае малюнкі, і так ведаюць, што яны першыя. Людзі, якія штодня пераадольваюць нягоды, але не страцілі любві да жыцця, працягваюць адлюстроўваць свае пачуцці ў творчасці. І гэта самае галоўнае!

Пераможцамі сталі ўсе ўдзельнікі, якія напярэдадні сумнай даты выказалі ў малюнках свой боль і смутак. Дыпломам за самыя ўражлівыя малюнкі ўзнагароджаны Брагінскі ТЦСАН, за арыгінальныя малюнкі – Лоеўскі ТЦСАН. Хойніцкі ТЦСАН узнагароджаны дыпломам за самыя творчыя малюнкі.

Круглы стол, прысвечаны 35-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбыўся ў краязнаўчым музеі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Людміла Тупіца.

Удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі падзяліліся ўспамінамі, паведамілі аб цяжкіх момантах тых нелёгкіх дзён, з якімі сутыкнуліся жыхары раёна.

Чорным радыяцыйным крылом аварыя на Чарнобыльскай АЭС закранула нашу малую радзіму, змяніла развіццё нашага раёна, лёсы людзей. І мы не маем права забываць пра гэта. Мы павінны нагадваць маладому пакаленню пра тое, да якой маштабнай тэхнагеннай катастрофы можа прывесці чалавецкая халатнасць.

Падрыхтавалі Святлана ВАШЧАНКА, Наталля РЭВЯКА, Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *