Сустрэча выпускнікоў

Образование

У першыя дні лютага ў школах нашага раёна традыцыйна праводзяцца вечары сустрэч  выпускнікоў. У былых вучняў ёсць цудоўная магчымасць сустрэць старых сяброў, успомніць незабыўныя моманты школьнага жыцця, яшчэ раз падзякаваць настаўнікам, а таксама падзяліцца сваімі дасягненнямі і парадавацца поспехам і ўдачам іншых.

Гэты год не стаў выключэннем, кожная ўстанова адукацыі сабрала сваіх выпускнікоў і падрыхтавала святочную праграму.
У цёплай і сяброўскай атмасферы прайшла сустрэча выпускнікоў дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі. На яе, акрамя выпускнікоў мінулых гадоў, запрасілі адзінаццацікласнікаў. За “круглым сталом” з салодкімі пачастункамі былыя вучні і настаўнікі дзяліліся ўспамінамі аб паходах і канцэртах, паездках і спартыўных перамогах. Дырэктар гімназіі П.Ф. Лекаркін адзначыў, што навучальная ўстанова ганарыцца сваімі выпускнікамі. Падкрэсліў, што калектыў гімназіі імкнецца ўмацаваць сувязі з усімі, у чыім жыцці гэта ўстанова адукацыі займае значнае месца.

Выпускнікі ўспаміналі тыя часы, калі яны “хапалі зоркі з неба”, “вырывалі” веды ў мудрых настаўнікаў, расказвалі аб самым каштоўным, што назаўсёды засталося за сценамі любімай гімназіі. Многія з іх давалі парады будучым абітурыентам, якія з вялікай цікавасцю іх слухалі і актыўна задавалі пытанні. Настаўнікі, перапоўненыя гонарам за сваіх былых вучняў, таксама аддаваліся ўспамінам. Многія выказвалі ўпэўненасць, што ўсё самае добрае для іх – наперадзе.

На здымку: настаўніца хіміі і біялогіі гарадской дзяржаўнай гімназіі Т.У. Караблёва з выпускнікамі.


Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *