Канец злачынных гастроляў


“Рыбак рыбака бачыць здалёку” – сцвярджае народная прымаўка. Маецца на ўвазе тое, што людзі аднолькавых поглядаў на жыццё абавязкова знойдуць агульную мову. Вось і жыхароў вёскі Майская Жлобінскага раёна П.М. Філіпава і М.В. Адамайціса таксама аб’яднала ў адну кампанію агульнае нежаданне працаваць, прага хуткай і лёгкай нажывы.

Воўк, як вядома, не шкодзіць там, дзе жыве, таму і Філіпаў з Адамайцісам дзейнічаць пачалі не ў сваім, а ў Хойніцкім раёне.

17 мая 2007 года яны праніклі ў домаўладанне ў Карчовым і выкралі дарожны веласіпед. Той жа ноччу выставілі аконнае шкло і з дома № 8 укралі мужчынскую куртку і чобаты, спартыўныя майкі, не пагрэбавалі нават чатырма гранёнымі шклянкамі.

Гарачая цыганская кроў Філіпава і Адамайціса настойліва патрабавала каня і запыт гэты быў задаволены. 23 мая таго ж года цыгане разжыліся двума гнядымі, якіх укралі з будынка Езапоўскай МТФ агракамбіната “Віць”. Яшчэ аднаго каня вывялі 24 мая 2007 г. з Дубровіцкай МТФ ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. На гэтым зладзейскія гастролі 2007 года злачыннай групы былі прыпынены па “ўважлівай” прычыне – Філіпаў быў асуджаны судом Калінкавіцкага раёна. Праўда, не за названыя вышэй крадзяжы.

Пасля яго выхаду на волю крымінальны дуэт аднавіў сваю гастрольна-злачынную дзейнасць, прычым, з яшчэ большым размахам.

Кралі ў Рэчыцкім, Брагінскім і нашым раёнах. Да прыкладу, 28 мая сёлета Філіпаў з Адамайцісам выкралі яшчэ двух каней з МТФ у Навасёлках (КУП “Аравічы”). Цяжка сказаць, ці то коні хойніцкія так спадабаліся зладзеям, што яны пайшлі аж на трэці іх крадзёж у нашым раёне, ці то ахова іх у нас дзе-нідзе наладжана па прынцыпу бяры – не хачу.

Майскія гастролі Філіпава з Адамайцісам атрымалі свой працяг 29 мая. У гэты дзень, а дакладней, ноч, яны займаліся промыслам у Дубровіцы. Тут на іх рахунку мужчынская куртка, два плашчы, спальны мяшок, алюмініевая патэльня, гаспадарчая сумка і літр алею, украдзеныя з дома № 6.

Больш багатая здабыча чакала зладзеяў у вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёна, дзе яны арудавалі 31 мая. З дома № 20 па вул. К. Маркса сквапныя цыгане ўкралі ватную коўдру, падушкі і ручнікі, жаночую скураную куртку, слясарныя інструменты, кухонны посуд і прадукты харчавання.

У доме № 14 Філіпаў з Адамайцісам таксама добра запасліся прадуктамі, а яшчэ ўкралі мужчынскія туфлі, штаны, парфумерыю і электрачайнік.

У тую ж апошнюю веснавую ноч 2009 года з розных домаўладанняў вёскі Маладуша злачынныя гастралёры ўкралі яшчэ 4 веласіпеды.

Ды толькі, як сцвярджае яшчэ адна народная мудрасць, колькі вяровачцы не віцца, усё адно канец будзе. Паверыўшых у сваю беспакаранасць зладзеяў, на рахунку якіх за перыяд з мая 2007 г. па чэрвень 2009 года налічвалася ажно 22 крадзяжы, узялі з палічным хойніцкія міліцыянеры.

Закончыліся злачынныя гастролі крымінальнага дуэта, а належную ацэнку ім даў суд Хойніцкага раёна, які прыгаварыў П.М. Філіпава і М.В. Адамайціса да трох і чатырох гадоў пазбаўлення волі адпаведна.


Л. КУПРЭЙЧЫК,
начальнік папярэдняга расследавання Хойніцкага РАУС, падпалкоўнік міліцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *