Нам нашу спадчыну належыць захаваць

Общество

Ёсць, што турыстам прапанаваць

Аднак гісторыка-культурныя аб’екты патрэбна рэкламаваць, каб як мага больш людзей аб іх даведалася.

Як гэта зрабіць абмяркоўвалі на выязным пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Адбылося яно сёння на Хойнікшчыне.

Былі таксама разгледжаны і іншыя пытанні: выкананне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.10.2007 г. № 527 «Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны», сучасны стан і тэндэнцыі развіцця народных промыслаў і рамёстваў нашага рэгіёна.

Перад пленарнай часткай удзельнікі мерапрыемства наведалі знакавыя гісторыка-культурныя аб’екты нашага раёна: раённы краязнаўчы музей, рэшткі былых сядзіб у Рудакове і Барысаўшчыне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Дзяніс Язерскі адзначыў: «Наша задача зрабіць усё, каб сюды, на гэтыя аб’екты, прыязджалі людзі. Каб яны ўбачылі гэтую першародную прыгажосць. А для гэтага неабходна і парадак падтрымліваць вакол, і рэкламаваць, расказваць, што ёсць на тэрыторыі рэгіёна такія знакавыя аб’екты з гісторыяй».

На пленарным пасяджэнні выпрацавалі канцэпцую далейшай работы: дзе ўдзельнічаць, што прапаноўваць, як інфармаваць.

Так, патрэбны рэальны план выставак, у якіх у абавязковым парадку будуць удзельнічаць рамеснікі вобласці. Сувеніры майстроў павінны быць прадстаўлены ва ўсіх месцах, найбольш наведваемых турыстамі і жыхарамі: музеі, гасцініцы, аб’екты аграэкатурызму. Інфармацыі аб гісторыка-культурных аб’ектах павінна быць многа – на ўказальніках, інфармацыйных шчытах, сайтах і ў сацыяльных сетках. Урокі гісторыі Беларусі таксама магчыма праводзіць у такіх знакавых месцах. Можа ўсе іх наведаць і не атрымаецца, аднак тыя, што ёсць ў кожным раёне, павінен наведаць кожны школьнік.

Цікавасць да спадчыны, да рамёстваў, якімі займаліся раней, павышаецца. І чым далей мы будзем адыходзіць у сучаснасць, тым важнейшай (у плане захавання абрадаў, традыцый, рамёстваў) будзе работа Дамоў і Цэнтраў рамёстваў. Таленавітыя людзі ёсць у кожным рэгіёне. Задача – знайсці іх і падтрымаць іх энтузіязм.

На адкрытай пляцоўцы перад Цэнтрам культуры і ў самім будынку свае работы прэзентавалі Дамы і Цэнтры рамёстваў вобласці. Усё прапанаванае можна было набыць. Дзяніс Уладзіміравіч пагутарыў з прадстаўнікамі кожнай установы. Пытанні і прапановы, з якімі звярталіся рамеснікі, не застануцца без увагі.

Дарэчы, на тэрыторыі вобласці зарэгістраваны 567 майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на Хойнікшчыне – 74. Працуюць 23 установы, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю.

Вольга БЕЛАШ.

Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *