На злабадзённую тэму


На базе ДПТВ-183 прайшоў чарговы семінар-вучоба намеснікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў па ідэалагічнай рабоце на тэму “Аб удасканальванні работы па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх жыхароў раёна”. Адкрыла і вяла яго начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Ж.М. Чарняўская.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з нагляднасцю ў навучальнай установе, якая тут аформлена на дастаткова высокім узроўні, пабывалі ў кабінеце для навучэнцаў, якія атрымліваюць спецыяльнасць повара. Выкладчыца спецдысцыплін В.П. Казлова расказала аб арганізацыі навучальнага працэсу, адзначыла, што пераважная большасць выпускнікоў выходзіць са сцен вучылішча класнымі спецыялістамі. Да прыкладу, адзін з іх сёння гатуе стравы для музыкантаў прэзідэнцкага аркестра.

Аб падрыхтоўцы рабочых будаўнічай спецыяльнасці расказала майстар вытворчага навучання Л.Ц. Дашук. Усе навучэнцы апошняга выпуску працаўладкаваны ў Брагінскім, Лоеўскім раёнах, горадзе Гомелі. На жаль, ніводзін з іх не быў запатрабаваны ў Хойніцкай ПМК. Складваецца ўражанне, што ў будаўнічай арганізацыі нашага раёна няма ніякіх праблем з кадрамі.

Цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікала выступленне навучэнцаў (у тым ліку і так званых цяжкіх падлеткаў) і маладых выкладчыкаў вучылішча з інсцэніроўкай аб пагубнасці ўжывання алкаголю, тытунекурэння, наркаманіі.

Аб прафілактыцы асацыяльных паводзін бацькоў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, расказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкоме А.С. Содаль, аб прафілактыцы алкагалізму і наркаманіі  сярод падлеткаў – нарколаг-псіхіятр раённай бальніцы С.І. Собаль. Чырвонай лініяй праходзіла думка аб тым, што  пачынаць змагацца з гэтым сацыяльным  злом неабходна на ранняй стадыі, пакуль чалавека не засмактала багна асацыяльнага ладу жыцця.І каму, як не намесніку кіраўніка прадпрыемства, арганізацыі па ідэалагічнай рабоце, які пастаянна знаходзіцца ў кантакце з членамі калектыву, першаму заўважыць, забіць трывогу, дапамагчы словам і справай чалавеку, які  аступіўся.

Вопытам работы па выкананню патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 і аб стане спраў з гэтым  падзялілася намеснік дырэктара ДПТВ-183 па ідэалагічнай рабоце Н.Я. Клемпач.

Як не трэба афармляць нагляднасць на жывёлагадоўчых фермах, удзельнікі семінара даведаліся са слайдаў, якія былі падрыхтаваны аддзелам ідэалагічнай работы напярэдадні правядзення мерапрыемства. З непрывабнага боку “засвяціліся” ў гэтым пытанні ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, КСУП “Велікаборскі”  і агракамбінат “Віць”.

Аб неадкладных бягучых пытаннях пры падвядзенні вынікаў семінара гаварыла начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкома Ж.М. Чарняўская.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.
На здымку: у час знаёмства з нагляднай агітацыяй у вучылішчы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *