58 гадоў у сельскай гаспадарцы

Сельское хозяйство

Марыя Галеня прысвяціла сябе прафесіі і выхавала 9 дзяцей

У пакой для адпачынка на Судкоўскай ферме зайшла жанчына з ярка-чырвонымі ружамі. Яна беражліва паставіла кветкі ў вазу з вадой, побач паклала прыгожую рамку. Наперадзе многа работы, а падарункі няхай пачакаюць. Так вырашыла Марыя Іванаўна Галеня – работнік з унікальным па памеры працоўным стажам і ўзначальніца дынастыі работнікаў сельскай гаспадаркі.

У будзённай атмасферы бясконцай работы да яе прыехала старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Ганна Вяргейчык, якая ўручыла Ганаровую грамату і адрасавала цёплыя словы ўдзячнасці за шматгадовую плённую працу.

Будзе правільна сказаць, што цялятніца малочна-таварнай фермы КСУП «Судкова» Марыя Іванаўна Галеня прысвяціла ўсё сваё жыццё сельскай гаспадарцы. Яна працуе з 12 гадоў, а ў будучым годзе адзначыць 70-гадовы юбілей. Вось і лічыце: амаль 58 гадоў працоўнага стажа. Мала хто пахваліцца такім значным дасягненнем.

За гэты час Марыя Іванаўна ўдастоена самых розных узнагарод. Але самай важнай заўсёды называе сваіх дзяцей. Іх жанчына выхавала 9 – Ігара, Валянціна, Людмілу, Аляксандра, Ганну, Наталлю, Вольгу, Яўгенію і Мікалая. Сыны і дочкі выхоўваюць сваіх дзяцей. Усяго ў Марыі Іванаўны 21 унук.

Як успамінае мая суразмоўца, акрамя сельскай гаспадаркі іншых заняткаў не шукала. Як яе прывяла маці Ганна Рыгораўна на ферму, з тае пары там і гаруе. Больш за паўстагоддзя паспрабавала сябе даглядчыцай, даяркай, а апошнія дваццаць гадоў займаецца цялятамі. Нават з іншых абласцей прыязджалі пераймаць вопыт.

Яе працоўны дзень, амаль без выхадных і святаў, пачынаецца з пятай гадзіны раніцы. З такім тэмпам жанчына звыклася і не ўяўляе ціхага жыцця на пенсіі. Яна разважае, што як толькі сядзе дома, лічы, жыццё прайшло. Таму імкнецца працаваць надалей. І з усмешкай успамінае маладосць, калі даводзілася даглядаць больш за сотню цялятак. Сёння ж нормы змяніліся…

Пра здароўе Марыя Іванаўна не гаворыць. Вядома, з узростам прыходзяць і турботы. Але на рабоце яна ніколі не паскардзіцца на дрэннае адчуванне. Проста няма часу. Трэба тройчы на дзень выпаіць цялятак – каго з соскі, а старэйшых з вядзерца. Ды не сумяссю якой, а свежым малаком ад кароўкі. Гэта не гаворачы пра іншыя важныя моманты вырошчвання маладняка. Застаецца толькі здзіўляцца, як лоўка з гэтым спраўляецца Марыя Іванаўна.

Матуліна руплівасць перайшла і да наследнікаў. Разам з мамай ў «Судкова» працуюць жывёлаводамі Валянцін і Мікалай, а яшчэ малодшая дачка Жэня даглядае цялят. Вольга ж тут брыгадзір. Старэйшы сын Ігар – скотнік ў «Аравічах», у Барысаўшчыне робіць Людміла. Ганна – аператар машыннага даення ў Езапове. Яшчэ адзін прадстаўнік сямейнай дынастыі Галеня – 27-гадовы сын Ганны Ігар. Ён асемянатар на Езапоўскай ферме.

Разам вялікая сям’я збіраецца ў матулінай хаце на святы. Хутка збяруцца адзначыць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Сядуць за стол, павіншуюць адзін аднаго і зноў пра работу – іх агульны сэнс і лад жыцця.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *