Надзённыя задачы

Сельское хозяйство

Апошняя дэкада кастрычніка атрымалася на рэдкасць дажджлівай і непагодлівай. Тым не менш, на палях раёна завершана ўборка бульбы, набліжаюцца да заканчэння ўборачныя работы на палетках цукровых буракоў, завяршаецца ўборка караняплодаў, а таксама кукурузы на зерне і насенне.

Аднымі з асноўных задач, якія стаяць сёння перад хлебаробамі раёна, з’яўляюцца ўздым зябліва і работы па хімпраполцы азімых культур. Што датычыць зябліва, то па падліках вучоных, ад якаснай і своечасовай асенняй апрацоўкі глебы залежыць да 25 працэнтаў прадукцыйнасці культурных раслін. А аптымальныя агратэхнічныя тэрміны зяблевай апрацоўкі дазваляюць дабіцца захавання глебавай вільгаці і максімальнай аддачы ад унесеных угнаенняў і гербіцыдаў. Такім чынам, комплексны падыход да глебаапрацоўчых работ у гэтыя восеньскія дні з’яўляецца асновай будучага ўраджаю.

Па стану на 30 кастрычніка найбольш актыўнымі тэмпамі работы па зяблевай апрацоўцы глебы вядуцца ў сельгаспрадпрыемстве “Судкова”, дзе ўзарана 1060 гектараў плошчы пры запланаваным аб’ёме 660 гектараў. Добра папрацавалі на восеньскім ворыве ў агракамбінаце “Віць” – тут узарана 540 гектараў глебы пры плане 480 га. Уклаліся ў планавыя лічбы ў сельгаспрадпрыемствах “Веляцін” (432 га) і “Велікаборскі” (368 га), набліжаюцца да завяршэння ўздыму зябліва ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа, дзе па стану на 30 кастрычніка ўзнята 480 гектараў зябліва пры плане 495 гектараў.

Аднак кідаецца ў вочы паказчык эксбазы “Стралічава”: тут пры запланаваным аб’ёме ўздыму зябліва на 959 гектарах узарана толькі 230 гектараў. Гэта значыць, што ў працэнтным вылічэнні выканана ўсяго толькі чацвёртая частка запланаваных на зябліве работ. Тым болей незразумелым выглядае такое становішча, калі ўлічыць, што раней гэтая гаспадарка традыцыйна славілася як майстэрствам сваіх аратых, так і вялікімі аб’ёмамі восеньскага ворыва.

Як станоўчы факт, можна адзначыць тое, што ў кастрычніку ўсе гаспадаркі раёна завяршылі ўнясенне гліфасфатутрымліваючых прэпаратаў, якія ачышчаюць палі ад шматгадовых шкодных раслін, драцяніка (па-руску – “проволочника”) і пырніку. Тым самым прымяненне такіх прэпаратаў суцэльнага дзеяння станоўча адбіваецца на ўраджаях сельгаскультур, асабліва збожжавых і кукурузы.

Хлебаробы сельгаспрадпрыемстваў імя Мележа і “Судкова” займаюць вядучыя пазіцыі і на хімпраполцы азімых: у першай з іх работы па хімпраполцы праведзены на плошчы 650 гектараў (план – 930), а ў другой – на 470 (1040 га). І ў гэтым сэнсе няма чым пахваліцца стралічаўцам: хімпраполка тут па стану на 30 кастрычніка праведзена толькі на 65 гектарах з 920.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *