У ім гарэла полымя творчасці…

Важное

Для калектыву рэдакцыі трагічнай нечаканасцю стала сумная навіна пра смерць знакамітага беларускага пісьменніка, аўтара шматлікіх зборнікаў вершаў і нашага калегi – Мікалая Міхайлавіча Мятліцкага.

Так, мы ганарымся тым фактам, што пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1976 годзе першым месцам працы славутага земляка стала менавіта рэдакцыя раённай газеты, якая на той час насіла назву «Ленінскі сцяг». Дарэчы, творчы шлях пісьменніка з вёскі Бабчын таксама пачаўся на старонках хойніцкай раёнкі – надрукаваны першы верш тады юнага вучня Бабчынскай сярэдняй школы. Ніхто не сумняваўся, што ў хлопца вялікі патэнцыял. Жыццё паказала, што так і здарылася.

Мікалай Міхайлавіч працаваў карэспандэнтам газеты «Ленінскі сцяг», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1983 года быў старшым рэдактарам рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». На працягу 12 гадоў (2002-2014 г.) займаў пасаду галоўнага рэдактара легендарнага беларускага літаратурнага часопіса «Полымя».

Не толькі ў якасці паэта запомніцца наш зямляк, але і як перакладчык, публіцыст, журналіст. З гонарам варта агучыць яго рэгаліі – ён быў лаўрэатам: Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1998 год ), прэміі Ленінскага камсамола Беларускай ССР (1986 год), Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2013 год). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1981).

Здаецца, зусім нядаўна мы віншавалі Мікалая Мятліцкага з 65-годдзем. 20 сакавіка 2019 года з гэтай нагоды ў вялікай зале Дома літаратара ў Мінску адбыўся юбілейны вечар «Паэт – дзяжурны па планеце». На літаратурную вечарыну завіталі і хайнічане – з падарункамі і песнямі.

Ды i сам Мікалай Міхайлавіч ніколі не забываў сваіх землякоў, нашу рэдакцыю. Нядауна даслаў нам віншавальны ліст з нагоды юбілею, 90-годдзя з дня заснавання газеты. Яго зварот да нас, маладога пакалення рэдакцыі, успрынялі з вялікай пашанай. На жаль, так і не паспелі асабіста падзякаваць за цёплыя словы і падтрымку.

Для ўсіх нас Мікалай Міхайлавіч Мятліцкі застанецца ў памяці таленавітым земляком, шчырым i чулым чалавекам. Няхай словы нашай спагады стануць падтрымкай яго блізкім у такі няпросты час.

Калектыў рэдакцыі раённай газеты «Хойніцкія навіны».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *