Праца ў радасць


Аляксандр Іванавіч Харошка – ураджэнец вёскі Вялікі Бор. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў калектыве ПУП “Палескія сыры” ён сустракае 39 год. 

Пасля трох гадоў вучобы ў Слуцкім тэхнічным вучылішчы сыраробства па накіраванню вярнуўся на Хойнікшчыну. З 1971 года пачалася яго прафесійная дзейнасць, на той час, на сыраробным заводзе. Узняўся на многа ступеняў кар’ернай лесвіцы, працаваў зменным, а затым старшым майстрам-сыраробам, начальнікам сыраробнага і масла цэхоў, галоўным інжынерам. З 2001 года займае пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці.

Як расказаў Аляксандр Іванавіч, асабліва цяжка было пасля катастрофы на ЧАЭС, калі завод нават планавалася закрыць. Але, прайшоўшы некалькі рэарганізацый, прадпрыемства выстаяла, змены, якія адбыліся на заводзе, – значныя, і яны толькі на карысць. Змянялася і мадэрнізавалася абсталяванне, якое ўплывае на якасць выпускаемай прадукцыі, якую, дарэчы, цэняць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Прыемна адзначыць нашу агульную калектыўную перамогу – пуск новага абсталявання капрэсарнага цэха.

Работа на вытворчасці, закупка якаснага малака, ідэалагічная работа – гэта далёка не ўвесь пералік абавязкаў А.І. Харошкі. Але, па яго словах, калі калектыў зладжаны і кожны на сваім месцы, дык і работа ў радасць.

Разам з жонкай, з якой жывуць ужо 35 год, Аляксандр Іванавіч выхаваў 3 дзяцей. Старэйшы, Валерый, працуе начальнікам РАНС г. Ветка, сярэдні, Аляксандр, – фельчарам “хуткай дапамогі” ў Хойніках, малодшая дачка Святлана – выкладчыцай у Гомельскім медыцынскім інстытуце. Адзіны і любімы ўнук Віця ў гэтым годзе пайшоў у першы клас.

Напярэдадні важнай падзеі ў гісторыі прадпрыемства (ў гэтым месяцы завод адзначае свой 25-гадовы юбілей) і Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Аляксандр Іванавіч ад шчырага сэрца павіншаваў сваіх калег са святам і пажадаў моцнага здароўя, здзяйснення ўсіх мар і сямейнага дабрабыту.


Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *