З дынастыі хлебаробаў

Сельское хозяйство

У Хойніцкі раён Аляксандр Васільевіч Яблонскі пераехаў з Казахстана ў 1999 годзе. Да гэтага ён закончыў школу ў Тургайскай вобласці і там жа атрымаў пасведчанне механізатара. На выбар прафесіі безумоўны ўплыў аказаў бацька юнака Васілій Віктаравіч – чалавек, для якога не існуе сакрэтаў у механізатарскай справе. Таму і атрымалася так, што некаторы час сын працаваў нароўні з бацькам у саўгасе “Кіеўскі” – гаспадарцы, якая ўзнікла ў час асваення цалінных тургайскіх стэпаў.

Аднак ліхія 90-я бязлітасным катком прайшліся па эканоміцы многіх рэспублік былога СССР, не  абмінуўшы і багаты Казахстан. Прыйшоў у заняпад, а потым і наогул збанкруціўся моцны некалі саўгас “Кіеўскі”. Таму ў пошуках работы сям’я Яблонскіх і вырашыла пераехаць у больш спакойную ва ўсіх адносінах Рэспубліку Беларусь.

Перасяленцаў з Усходу гасцінна прынялі ў калгасе “Рассвет”, забяспечылі жыллём у Паселічах і работай па спецыяльнасці. Дарэчы, да таго часу механізатарам стаў і малодшы брат Сяргей. Так што зараз у сельгаспрадпрыемстве “Веляцін” працуе яшчэ адна паўнапраўная механізатарская дынастыя.

Калі мы сустрэліся з А.В. Яблонскім, ён займаўся ўборкай кармавых буракоў. За час нашай гутаркі на полі аб ім склалася ўражанне як аб чалавеку спакойным, упэўненым у сабе, разважлівым і нетаропкім. Гэтае меркаванне падмацаваў і дырэктар “Велеціна” А.У. Гарашчанка, які ахарактарызаваў яго так:

– Аляксандр Васільевіч – добры работнік, сапраўдны прафесіянал і, наогул, чалавек, на якога можна паспадзявацца. Таму, калі гаспадарка атрымала новы камбайн “Палессе”, працаваць на ім даручылі менавіта яму.

На гэтым камбайне і нарыхтаваў сёлета А.В. Яблонскі 22742  тоны травяністых кармоў у пераразліку на зялёную масу. Касіць пайзу – адносна новую кармавую культуру на нашых палях, даводзілася ў няпростых умовах дажджлівага, а потым і спякотнага надвор’я. Аднак механізатар апраўдаў аказаны яму давер і па выніках касавіцы быў адным з лепшых у гаспадарцы.

Потым убіраў кукурузу, цукровыя і кармавыя буракі і на ўсіх участках работы зарэкамендаваў сябе толькі з самага лепшага боку.

Тут жа, на беларускай зямлі, знайшоў А.В. Яблонскі сваю жыццёвую палавінку, і зараз у сям’і Аляксандра Васільевіча і Таццяны Міхайлаўны падрастаюць дзве дачкі: 10-гадовая Наталля і яе трохгадовая сястрычка Ліза. Гаспадарка выдзеліла сям’і асобны дом з прысядзібным участкам, так што на Хойнікшчыне Аляксандр Васільевіч Яблонскі (дарэчы, як яго бацькі і брат Сяргей) заснаваўся ўсур’ёз і надоўга. А яго аўтарытэт у калектыве, працавітасць і добрасумленнасць прыводзяць да лагічнай высновы: паболей бы нам такіх перасяленцаў!


Віктар МІХАЙЛАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *