Мікола Старчанка


Удовы


Завёўшы патэфон старэнькі,
Той, даваенны патэфон,
Яны, расправіўшы сукенкі,
Садзілісь ціха на ўслон.
Пласцінка старая шыпела
Ім пра калішнюю любоў,
І ад той музыкі святлела
Старая памяць баб-удоў.
Сядзелі так, прыпаміналі
І не скупілісь на слязу,
Украдкай вочы выціралі,
Нібы ад пылу на вазу.
Удовамі пасталі рана,
Было і гэта не адняць,
Аплакалі сваіх каханых,
Недалюбілі ў дваццаць пяць.
Калгас і дзетак узнімалі,
Аралі на сабе аблог,
Начамі горкі плач глыталі,
Каб іх ніхто пачуць не мог.
Усё адолелі, з гадамі
Суняўся неяк боль душы,
Адно вось толькі – з журавамі
Сумуюць восенню ў цішы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *