Васілій Зелянкоўскі многае зрабіў для вызвалення Айчыны

Да Дня Вялікай Перамогі

DSC_0004Біяграфія гэтага чалавека падобна на біяграфію пакалення, да якога ён належаў. Васілій Адамавіч Зелянкоўскі – адзін з тых, хто са зброяй у руках вызваляў нашу Айчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб сваім дарагім чалавеку ўспамінае дачка, жыхарка г. Хойнікі Ніна Васільеўна Рудчанка.

Нарадзіўся мой тата ў вёсцы Бабчын у 1921 годзе. Закончыў там сярэднюю школу і ў 1941 годзе быў прызваны ў армію. На сабе адчуў усе жахі ваеннага ліхалецця. Трапіўшы ў палон, цэлы год знаходзіўся ў канцлагеры № 131, размешчаным у Бабруйску. Пра той страшны час і ўспамінаць бацьку было страшна. У снежні 1942-га ён уцёк з лагера, накіраваўшыся ў родныя мясціны.
Лічу, усяго, што давялося перажыць яму, з ліхвой хапіла б не на адно жыццё. Больш за два гады гаспадарылі на Хойнікшчыне фашысты. Гітлераўцы і іх прыспешнікі спальвалі цэлыя вёскі, разбуралі гаспадаркі. Сотні нашых землякоў, як і жыхары ўсяго палескага краю, змагаліся ў партызанскіх фарміраваннях. Мой бацька не быў выключэннем. Наадварот, ён з’яўляўся адным з самых актыўных патрыётаў сваёй Радзімы. Вясной 1943 года ўступіў у партызанскі атрад імя Чапаева, які базіраваўся ва ўрочышчы Майдан. Удзельнічаў у баявых аперацыях, хадзіў у разведку. А пацвярджэнне самаадданай барацьбы з захопнікамі – яго першы ордэн Чырвонай Зоркі. Удастоены быў такой высокай узнагароды бацька за адну з аперацый – узяцце «языка», бліскуча выкананую ім і яго таварышамі.

З вызваленнем тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў баявы шлях партызана Васілія Адамавіча Зелянкоўскага не закончыўся. Ужо з 1944 года ён зноў у дзеючай арміі ў саставе 1-га Беларускага фронту.

Назаўсёды запомнілася яму і вызваленне Варшавы, і цяжкія баі за Берлін. Успамінаючы аб гэтым, бацька і сам здзіўляўся, адкуль браліся тады ва ўсіх сілы. За 1944 і 1945 гады ў яго не было ніводнай ночы, якую давялося б правесці пад дахам, – толькі траншэі, зрэдку бліндаж. Тады ж, у 1945 годзе, за захоп і ўтрыманне плацдарма пры фарсіраванні ракі Одэр бацька быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонай Зоркі, а закончыў вайну ў Берліне. Да баявых заслуг дадаліся медалі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «Партызану Айчыннай вайны» другой ступені.
Цяжка сказаць, што яго вяртанне дамоў пасля вайны было радасным. Вяртацца, па сутнасці, не было да каго: за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі ўсю сям’ю – бацькоў Адама Яфімавіча і Ганну Гардзееўну, сясцёр Зою, Ніну, брата Паўла, якому было толькі шэсць гадоў.
Але ўсё ж няма нічога даражэй той зямлі, на якой ты вырас, дзе пахаваны твае блізкія (на месцы расстрэлу ў лесе па дарозе з Бабчына ў Дронькі, там зараз стаіць помнік).

Настаўнічаў у вёсцы Пагоннае, у 1946 годзе стварыў сям’ю, з маці Ганнай Амброзіеўнай выхавалі чацвярых дзяцей. У 1955 годзе пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута прыйшоў працаваць у Бабчынскую школу, выкладаў гісторыю, геаграфію. Несумненна, бацьку было што расказаць маладой змене, меў ён поўнае права сеяць разумнае, добрае, вечнае.
У 1986 годзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары ўсёй вёскі Бабчын былі эвакуіраваны і пераселены. Маючы за плячыма жыццё, поўнае нягод і нястач, ужо немаладыя гады, іншы, напэўна б, спакойна і ціха адпачываў. Але не мой бацька. Яшчэ чатыры гады ў Мазыры працаваў вахцёрам у басейне нафтаперапрацоўчага завода, як мог дапамагаў калектыву.

У 1998 годзе пайшла з жыцця мая маці, бацька перажыў яе на два гады – абодва пахаваны ў Бабчыне. Усе мы, яго дзеці, унукі і праўнукі, ганарымся Васіліем Адамавічам Зелянкоўскім – наш родны чалавек многае зрабіў для вызвалення Айчыны ад нямецкага іга, вялікі яго асабісты ўклад увыхаванне маладой змены хайнічан.

Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *