Шчаслівы выпаў ім білет…

Людзі і лёсы

IMG_0025Што такое сям’я? Безумоўна, для розных людзей паняцце «сям’я» не аднолькавае, але практычна заўсёды яно звязана з самымі дарагімі, блізкімі, любімымі і роднымі людзьмі. А яшчэ ўсё самае добрае, роднае, што сканцэнтравана ў сям’і, звязана з домам, яго ўтульнасцю і цяплом. Іван Мікалаевіч і Алена Ерафееўна Сіраш пражылі разам 50 гадоў. У іх сямейнай біяграфіі мноства старонак, напоўненых самымі рознымі падзеямі. Старонкі гэтыя яны перагарнулі ў час нашай размовы ва ўтульным пакойчыку дагледжанага і добраўпарадкаванага дома па вуліцы Паркавая, 8 райцэнтра.

ШЛЯХІ-ДАРОГІ, ШТО ВЯЛІ ДА СЯМЕЙНАГА ШЧАСЦЯ
Сярэдзіна 60-х мінулага стагоддзя. Саўгас «Судкова». Маладая бухгалтарка Алена Чорная, выпускніца Ашмянскага сельгастэхнікума прыехала ў Дворышча з даручэннем правесці рэвізію збожжавага склада, якім загадваў выпускнік Краснабярэжскага саўгаса-тэхнікума Іван Сіраш. З першага погляду прыглянуліся адзін аднаму, вось так сярод лютай зімы успыхнуў яркі пажар двух сэрцаў. Яны цешыліся радаснымі мінутамі кожнай сустрэчы, літаральна дыхалі адзін другім. І вельмі перажывалі, калі даводзілася расставацца на нейкі час. Хутка вырашылі пажаніцца, каб быць разам кожную хвіліну. Іван, не адкладваючы ў доўгую скрыню, заслаў да Алены сватоў, а хутка потым маладыя, адпрасіўшыся з работы, на саўгаснай машыне накіраваліся ў Дварышчанскі сельсавет, смела малюючы для сябе светлае, шчаслівае будучае. Тут яго сакратар Любоў Аляксандраўна Дземідзенка 11 лютага 1964 года зарэгістравала іх шлюб. Вяселле па канонах тагачаснай вёскі – у дамах маці маладога і маладой – спраўлялі 8 сакавіка. Спачатку варыянтам сямейнага гняздзечка быў дом, дзе вырас Іван, у вёсцы Дворышча. Тут жа пачалі будаўніцтва і ўласнага селішча, з’ехаць з вялікага, прыгожага, дыхтоўнага дома прымусіла чарнобыльская катастрофа. Да сённяшняга часу з асаблівай цеплынёй успамінае Алена Ерафееўна сваю свякроў Антаніну Рыгораўну і сястру мужа Ганну. Менавітыя гэтыя добрыя жанчыны вельмі дапамаглі ёй на пачатку сямейнага жыцця.

СУМАВАЦЬ НА РАБОЦЕ НЕ БЫЛО КАЛІ
Алена ўсю сваю працоўную біяграфію пісала ў саўгасе «Судкова». Мір лічбаў яе захапляў з дзяцінства, а матэматыка была любімым прадметам. У тэхнікуме лічылася ў ліку лепшых студэнтаў, і прыйшоўшы на працу ў гаспадарку, на практыцы пачала апрабіраваць набытыя ў час вучобы веды. Побач з ёй працавалі вопытныя бухгалтары з вялікім стажам работы, якія, узяўшы шэфства над маладым спецыялістам, адзначалі яе глыбокія веды і ўменне лагічна мысліць, галоўнае адрозніваць ад другаснага, адказныя адносіны да справы. Менавіта гэтыя якасці садзейнічалі кар’ернаму росту Алены Ерафееўны – з 40 адпрацаваных у саўгасе гадоў 25 з’яўлялася галоўным бухгалтарам. На пенсію пайшла з гэтай пасады ў 65 гадоў.
Іван Мікалаевіч большую частку працоўнага жыцця таксама прысвяціў саўгасу «Судкова»: працаваў загадчыкам склада, намеснікам старшыні былога калгаса «Шчасце» ў Дворышчы, з’яўляўся старшы-нёй прафсаюзнага камітэта, інжынерам-гідратэхнікам саўгаса «Судкова», займаўся меліярацыяй зямель. Быў аграномам-садаводам, ім закладзены вялікі сад, плошчай у 100 гектараў, у вёсцы Храпкаў. Пасля пераезду ў Хойнікі ў 1987 годзе працаваў намеснікам дырэктара камбікормавага завода па вытворчасці. Адсюль пайшоў на пенсію.
І Іван Мікалаевіч, і Алена Ерафееўна да працоўных абавязкаў адносіліся вельмі добрасумленна, аб чым сведчыць вялікі стос Ганаровых грамат.

САМЫЯ ГАЛОЎНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ
Галоўным элементам сямейнага жыцця залатыя юбіляры лічаць сваё прадаўжэнне на зямлі. Яны выхавалі дзвюх дачок, далі ім вышэйшую адукацыю. Валянціна жыве ў Гомелі, з’яўляецца дырэктарам прыватнага прадпрыемства «Нью-мані», яе два магазіны працуюць і ў Хойніках, Галіна – хайнічанка, працуе спецыялістам у пазаведамаснай ахове. Іван Мікалаевіч і Алена Ерафееўна радуюцца тром унукам і асабліва – малодшай унучцы-любіміцы Танюшы.
Муж і жонка, сялянскай закваскі людзі, сентыментальнасцю не пакутуюць, бо няма калі ім гэта адчуваць. З вясны до позняй восені хапае клопатаў: араць, сеяць, кармы нарыхтоўваць для жывёлы, падворак патрабуе пастаяннага клопату. У апошні час з дамашнімі клопатамі спраўляцца даводзіцца адной Алене Ерафееўне, таму што з-за хваробы ў яе мужа ампутаваны абедзе нагі. Управіцца Алена Ерафееўна па гаспадарцы, прысядзе на лавачку і прызадумаецца: нягледзячы на стан здароўя Івана Мікалаевіча, якога даглядае з асаблівай пяшчотай, усё ж такі жыццё цудоўнае і дзіўнае, маленькія радасці ёсць на кожным кроку, важна толькі разгледзець, навучыцца іх распазнаваць. І як бы не было цяжка, гаспадыня заўсёды выкройвае час для таго, каб дагледзець на падворку свае любімыя ружы, маргарыткі, хрызантэмы, петуніі. Яе дварочак – як званочак, патанае ў кветках з ранняй вясны да позняй восені. Сапраўдная гордасць Алены Ерафееўны – ружы, яна лічыць, што недарэмна ружу называюць царыцай усіх кветак, водар – чароўны. Прапіску ружа знайшла і сярод зімовага саду ў адным з пакояў дома сям’і Сіраш, дзе прывабліваюць хараством пальмы, кактусы, шматлікія вазонныя расліны. Алена Ерафееўна, чалавек шчыры і захоплены, умее сваё захапленне адточваць да дасканаласці.

УРОКІ СЯМЕЙНАГА ШЧАСЦЯ
Першым падзяліўся імі Іван Мікалаевіч:
– За час, што пражылі разам, мы быццам зрасліся: нельга нават уявіць сябе ў адрыве адзін ад аднаго. Канешне, як у любой сям’і, здараліся недаразуменні, спрэчныя пытанні, але мы іх вырашалі спакойна, без крыку і ляманту. Упэўніліся, што трэба радавацца кожнаму яркаму моманту быцця, а смутак і ўсё нядобрае адкідваць быццам выйшаўшыя з абыходжання рэчы.
А Алена Ерафееўна дадала:
– Сям’я для нас асацыіруецца з нашым домам, тым месцам, куды хочацца прыходзіць заўсёды. Тое месца, дзе заўсёды цябе чакаюць любячыя людзі. І ты іх любіш і гатовы аддаць за іх жыццё. І гэта не высакамоўныя словы, а самыя элементарныя паняцці, якіх, на шчасце, мы не згубілі па жыцці.
Пасля гэтых выказванняў падумалася, што менавіта дружныя сем’і, да якіх з поўным правам можна аднесці і сям’ю Івана Міалаевіча і Алены Ерафеўны Сіраш, з’яўляюцца асновай шчаслівага, спрыяльнага грамадства, у якім камфортна жыць грамадзянам. А залог шчаслівай сям’і – гэта разумець, дараваць, часцей сустракацца з роднымі і блізкімі людзьмі, дапамагаць ім і падтрымліваць.
Залаты юбілей муж і жонка Сіраш адзначаюць сёння вечарам ў сямейным коле. Да таго ж, ёсць яшчэ адна добрая нагода для святкавання, бо 15 лютага дзень нараджэння дарагой жонкі, клапатлівай матулі, самай лепшай бабулі на свеце Алены Ерафееўны. А яе муж, падымаючы келіх з шампанскім, абавязкова паўторыць словы, сказаныя ў час нашай размовы:
– Пяць дзесяткаў гадоў сумеснага жыцця – гэта яшчэ не мяжа. Са сваёй вернай спадарожніцай мы збіраемся сустрэць ізумруднае, а таксама брыльянтавае вяселле.
І усмешкі, быццам асенняе сонца, у якім яшчэ многа цяпла, асвецяць твары гэтых слаўных і добрых людзей.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *