21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Образование

Мы пацікавіліся ў тых, хто размаўляе і думае па-беларуску, як яны прыйшлі да матчынага слова.

Ірына СЯЛЕЦКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Паселіцкай СШ:

– Уласна кажучы, не я загаварыла на беларускай мове – беларуская мова загаварыла ўва мне. Я родам з Карэліі, але мову вывучыла і карыстаюся – за гэта дзякуй маёй першай настаўніцы Веры Адамаўне. Я, нават, думаю па-беларуску! А зараз, ужо больш за 20 гадоў, далучаю да мовы і дзяцей. Спадзяюся, што атрымліваецца.

Ведаеце, родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. І памятайце, што мова жывая, пакуль на ёй гавораць.

Любімыя словы: мілагучнасць, дабрыня, шчырасць, адзінства, мір.

Галіна КАНАНЕВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Судкоўскай СШ:

– Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, французскай, кітайскай. А роднай?

Каштоўнасць гэтага ўсведамляюць нямногія. На жаль. Прычыны называюць розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым.

А можа, варта проста адважыцца і пачаць? Як пачала я, калі пры паступленні ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут абрала беларускую мову. Гэта – наш скарб, яна – першаснае з таго, што робіць нас нацыяй. Такое маё стаўленне.

Любімыя словы: маці, школа, дзеці, здароўе, свята.

Святлана ДЫГУН, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Стралічаўскай СШ:

– Усе мае блізкія, родныя, знаёмыя размаўлялі па-беларуску. Нехта называе гэтую гаворку трасянкай, нехта – мясцовым дыялектам, але пераважалі словы беларускія.

Любоў да роднай мовы прывіла мне мая бабуля. Дарэчы, звярталася яна да мяне «галубка» і «зязюлька». Прыгожа! Памятаю, калі з Дворышча пераехалі ў Хойнікі, то ў школе аднакласнікі не разумелі мяне, смяяліся. Я ж кружку «карэц» называла.

Родная мова ў маім паўсядзённым ужытку пастаянна, але я не адмаўляюся прынцыпова ад рускай, калі ёсць неабходнасць, магу ў размове перайсці, я не супраць іншых моў, але я – за мову беларускую.

Любімыя словы: спадчына, каханне, звініць, зіхаціць, блакітны.

Наталля ВАЛЕНЧЫЦ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Казялужскай СШ:

– Калі са мной размаўляюць на рускай, спакойна на яе пераходжу. Як зручней людзям. Калі ж бачыш, што чалавек цябе разумее, яму прыемна слухаць па-беларуску, – дык калі ласка.

Я люблю беларускую мову і з вялікім задавальненнем выкарыстоўваю яе і па-за ўрокаў – школа ў нас, дарэчы, беларускамоўная. Сваім вучням на ўроках часта цытую Вацлава Ластоўскага «Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі».

Любімыя словы: матуля, пяшчота, мілагучны, родная, мара.

Алена СМУСЯНОК.

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *