Справы паляўнічыя


Паляўнічыя страсці валодаюць 97 жыхарамі нашага горада і раёна. Намаляваць вобраз “сярэдняга” паляўнічага практычна немагчыма, таму што ў таварыства паляўнічых уваходзяць людзі вельмі розныя, калі-нікалі маючыя паміж сабой мала агульнага. За выключэннем, канешне, цягі да зносін з прыродай: прачнуцца на золку, узяць стрэльбу і – у лес. Тут і вяскоўцы, у якіх многа работы па гаспадарцы, тут і інжынеры, і дырэктары, у якіх таксама многа клопатаў. Прычыны папулярнасці палявання – у прыцягненні душы, у тым станоўчым зарадзе эмоцый, які атрымліваеш ад зносін з прыродай, з людзьмі, а зусім не ў магчымасці прынесці “мяса ў дом”, хаця, канешне, трафей – вянец палявання, гордасць кожнага мужчыны.

Усё гэта добра, але ўзнікае пытанне: а ці не наносіць паляванне ўрон папуляцыі жывёлы? Не, таму што гэты працэс рэгламентуецца законам (за выключэннем дзейнасці браканьераў, на сто працэнтаў рэгламентаваць якую не можа ніхто, нават іх уласнае сумленне).

Штогод па распараджэнню вышэйстаячай арганізацыі і згодна з інструкцыяй па ўліку дзікай жывёлы ў кожнай паляўнічай гаспадарцы адбываецца ўлік жывёлы, на падставе якога і згодна з правіламі і палажэннем аб паляванні плануецца іх ліміт. Існуюць гранічна дапушчальныя нормы забірання жывёлы па разаваму дазволу (да іх адносяцца кабан, касуля, бабёр). І толькі зыходзячы са шчыльнасці жывёлы, насяляючай канкрэтнае ўгоддзе, плануецца ад 10 да 50 працэнтаў забірання таго або іншага віду. Напрыклад, ліміт на кабана на гэты год складае 40 асобін.  Адным словам, ні аднаго лішняга зайца закон забіць не дасць.

Аднак часам дапамогі паляўнічых просіць сама прырода. Папуляцыя аднаго і таго ж віду жывёлы перыядычна аказваецца то на пад’ёме, то на спадзе. Гэта натуральна, так і павінна быць. Але здараюцца “збоі”, якія прыводзяць да сумных вынікаў. Напрыклад, у нас упэўнена трымаецца пік папуляцыі лісіц. Паляванне на іх не карыстаецца папулярнасцю: няма попыту на пушніну. Многія паляўнічыя ліс зусім не страляюць. І гэта сказалася на жывёле – ужо каторы год сярод іх бушуе эпідэмія шаленства, лісы заражаюць адна адну, жывёлу, а то і людзей. Разносчыкамі захворвання таксама з’яўляюцца ваўкі і янотападобныя сабакі.

Праблема вельмі сур’ёзная. На жаль, без умяшальніцтва чалавека прыродзе з ёй не справіцца. І чалавек прыходзіць на дапамогу – паляванне на ваўкоў, ліс і янотападобных сабак (у гэты спіс яшчэ традыцыйна ўносяць бадзячых сабак і кошак, якія таксама  ўяўляюць небяспеку для чалавека) у апошнія гады ў сувязі з неспрыяльнай эпізаатычнай абстаноўкай дазволена ў любы з сезонаў. І так будзе да таго часу, пакуль колькасць гэтых жывёл не нармалізуецца.

Традыцыйна існуюць тры асноўныя паляўнічыя сезоны. Вясенні, у час якога дазволена паляванне на пралётных гусей і на качара з падсадной качкай. Летне-асенні, калі палююць на вадаплаўную і балотную дзічыну. І асенне-зімовы, спектр дазволеных трафеяў якога асабліва шырокі: заяц, ліса, янотападобны сабака, вавёрка, куніца, норка, андатра. Згодна з зацверджаным лімітам, пры наяўнасці дакументаў у асенне-зімовы перыяд можна здабываць таксама кабана і касулю.

Але акрамя гэтых ёсць яшчэ два дадатковыя перыяды палявання: “на патравах” (на капытных) і “на нары” (на ліс). Сезон “на патравах” адкрываюць з 15 па 30 верасня, калі назіраюцца рэгулярныя выпадкі “патраў” – урону  сельскай гаспадарцы  дзікімі жывёламі. Гэты працэс строга рэгулюецца спецыяльнай камісіяй пры райвыканкоме па каардынацыі вядзення паляўнічай гаспадаркі і рыбалоўнай дзейнасці, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкома А.М. Байкоў.

Сезон “на нары” праводзіцца штогод у “міжсезонне” паміж асенне-зімовым і вясеннім сезонамі. Менавіта ў гэты перыяд у лісіц пачынаецца “гон” (шлюбны перыяд), павялічваецца іх колькасць, што прыводзіць да яшчэ большай успышкі шаленства ўнутры папуляцыі.

У кожнага паляўнічага ёсць свой любімы сезон (хаця ўсё ж самымі масавымі з’яўляюцца летне-асенні і асенне-зімовы). Хтосьці атрымлівае задавальненне ад палявання выключна на пралётных гусей, камусьці асабліва мілая магчымасць летам выехаць на прыроду, разбіць каля вадаёма палатачны гарадок і пастраляць вадаплаўную птушку, а некаму падабаецца зімой, з сабакамі. На мой погляд, паляўнічы – той жа мастак, у кожнага сваё бачанне.


В. ФЕШЧАНКА,
дырэктар Хойніцкай РАС РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *