Разам – назаўсёды

Людзі і лёсы

IMG_9085Для кожнага чалавека сям’я – аснова жыцця. Тут наша радасць і горыч, давер і ўзаемаразуменне, тут вырашаюцца ўсе нашы асабістыя справы і жывуць нейкія запаветныя таямніцы. Добра, калі сям’я моцная. Тады ў чалавека ёсць надзейны тыл: ён ведае, што ёсць каму падтрымаць яго ў нялёгкую мінуту, раздзяліць радасць і часам сагрэць азябшую душу. Бо кожны нясе ў дом не толькі зарплату, але і свой эмацыянальны настрой, тут датыкаюцца характары і шліфуюцца ва ўзаемадзеянні, адсюль уходзяць у самастойнасць новыя пакаленні.

Напэўна, ніводная рэгістрацыя шлюбу не абыходзіцца без пажадання маладым абавязкова дажыць да залатога вяселля. На жаль, не многім парам даводзіцца спраўляць такі юбілей. Ну а тым, хто дачакаўся гэтай знамянальнай падзеі, можна па-добраму пазайздросціць.

Здаецца, зусім нядаўна адзначалі залатое вяселле Віктар Фёдаравіч і Марыя Цярэнцьеўна Белаш з вёскі Дворышча (на здымку). А роўна праз дзесяць гадоў, у мінулую суботу, яны прымалі віншаванні з нагоды брыльянтавага вяселля. 60 гадоў назад яны злучылі ў адно цэлае свае сэрцы і лёсы, нягледзячы ні на што, праз усе гады пранеслі каханне і захавалі вернасць адзін аднаму. Сваім прыкладам, сваім жыццём яны пацвярджаюць народную мудрасць аб тым, што ў кахання няма канца, а ёсць толькі пачатак.

Віктар Фёдаравіч і Марыя Цярэнцьеўна – равеснікі, нарадзіліся ў 1931 годзе: ён – у Дворышчы, яна – у Рудным. Іх лёсы да таго часу, як злучыцца ў адзін, былі вельмі падобныя. Абодва нарадзіліся ў мнагадзетных сем’ях, абодвум, будучы дзецьмі, давялося перажыць у вайну акупацыйны перыяд і голад пасляваенных гадоў. Не да вучобы было, Віктар Фёдаравіч закончыў толькі адзін клас Дварышчанскай школы ды і пайшоў калгасных коней пасвіць. Працаваў у гаспадарцы да прызыву ў армію. Служыць давялося на Украіне, пасля вяртання дамоў працаўладкаваўся на рамонтны завод, дзе набыў спецыяльнасць слесара. Праз некаторы час даведаўся ад сяброў, што на масласырзаводзе, размешчаным зусім непадалёку, большыя заробкі і перайшоў працаваць сюды.
Тут і адбылося лёсавызначальнае знаёмства – Марыя Цярэнцьеўна працавала на гэтым прадпрыемстве рабочай. З цягам часу гэтае знаёмства перарасло ў моцнае каханне. Згулялі сціплае вяселле ў Рудным, малады муж пачаў будаўніцтва дома ў Дворышчы, дзе зараз жывуць паважаныя юбіляры. Праз некаторы час ён перайшоў у саўгас «Судкова», працаваў машыністам на падстанцыі, на збожжатаку і ў кармацэху, адсюль і пайшоў на заслужаны адпачынак.

Марыя Цярэнцьеўна таксама многа працавала, месцам прыкладання яе сіл была дамашняя гаспадарка і выхаванне дзяцей – трох сыноў і дзвюх дачок. Усе яны атрымалі адукацыю, паважаюць і клапоцяцца аб сваіх бацьках. Бліжэй да іх дачка Святлана, якая жыве ў Хойніках і ўзначальвае сектар дзяржаўнага казначэйства. Яна са сваёй сям’ёй – самыя галоўныя памочнікі, стараюцца прыехаць у Дворышча як мага часцей. І астатнія дзеці, як толькі надараецца нагода, едуць на малую радзіму, а тэлефонныя размовы сталі неад’емным атрыбутам кожнага дня. Цяпер радасць і ўцеха Белашаў – ва ўнуках, якіх васьмёра і якія ахвотна прыязджаюць да дзядулі з бабуляй. На залатым юбілеі дзеці пажадалі бацькам пабольш праўнукаў. Гэтае пажаданне збылося, у брыльянтавых юбіляраў чатыры праўнукі – Кірыл, Ягор, Ілля, Насця.

Лёс бывае розным: ён то радуе, то засмучае, але ў Белашаў галоўнай была вера адзін у аднаго, падтрымка і каханне. Яны – сапраўдныя дзве палавінкі цэлага: жывуць адным жыццём, аднымі інтарэсамі, каб і гора, і радасці было пароўну.

Усе дзеці сабіраліся ў бацькоўскай хаце разам са сваімі сем’ямі, каб адзначыць брыльянтавы юбілей самых дарагіх людзей на зямлі, пажадалі Віктару Фёдаравічу і Марыі Цярэнцьеўне ўсяго самага найлепшага, зрабілі падарункі. І свяціліся іх вочы радасцю, і накатваліся слёзы шчасця на вочы. Выказвалася спадзяванне, што разам адзначаць яшчэ не адзін сямейны юбілей сваіх бацькоў.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *