Створаны інфармацыйны рэсурс


За 23 гады пасля чарнобыльскай катастрофы шмат чаго зроблена па ліквідацыі яе вынікаў: на тэрыторыі найбольш пацярпеўшых раёнаў больш-менш узноўлена экалагічная раўнавага, створаны нармальныя ўмовы для жыцця людзей, праведзена пераспецыялізацыя сельскай гаспадаркі і інш. У пастаяннай барацьбе з “мірным” атамам за існаванне накоплены пэўны вопыт. Яго назапашваннем, апрацоўкай – капіталізацыяй па даручэнню Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь займаліся супрацоўнікі створанага два гады назад філіяла Інстытута радыялогіі  “Беларускае аддзяленне Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”.

У выніку ўдалося сфарміраваць у электронным выглядзе пярвічны камплект інфармацыйных матэрыялаў па чарнобыльскай тэматыцы. Ен уключае дзевяць тэматычных раздзелаў, дзе можна знайсці інфармацыю аб навуковых даследаваннях і выніках іх укаранення, выкананых у рамках дзяржаўных чарнобыльскіх праграм, аб вопыце рэалізацыі мерапрыемстваў (у тым ліку пілотных праектаў) па рэабілітацыі забруджаных радыенуклідамі тэрыторый; прапановы, рэкамендацыі, аналітычныя матэрыялы па вядзенню сельскай гаспадаркі ў грамадскім і прыватным сектарах; камплект адпаведных нарматыўных, праграмных і канцэптуальных дакументаў; інфармацыю аб арганізацыях, фондах, падтрымліваючых дзейнасць, накіраваную на вырашэнне чарнобыльскіх праграм; спісак карысных спасылак для пошуку тэматычнай інфармацыі ў Інтэрнеце і інш.

У мінулы чацвер у райвыканкоме прэзентацыю гэтага новага інфармацыйнага рэсурсу правяла загадчыца сектара аналітычнай работы Беларускага аддзялення расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра (БАРБІЦ) В.У. Сузько (на здымку злева). Каб у далейшым забяспечыць  магчымасць яго выкарыстання для  шырокага кола людзей, супрацоўнікі БАРБІЦ прывезлі і ўстанавілі ў райвыканкоме камп’ютэрнае абсталяванне, падключылі яго да сеткі Інтэрнет. З аналагічным візітам яны наведалі, акрамя нашага, яшчэ 20 найбольш пацярпеўшых ад чарнобыльскай катастрофы раёнаў Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Паўсюдна стварылі па аднаму рабочаму месцу, сфарміравалі базу адрасоў электроннай пошты ўдзельнікаў праекта для ўстанаўлення і развіцця зваротнай сувязі паміж імі.

У Хойніках, выкарыстоўваючы прадастаўленыя тэхнічныя магчымасці, працягваць работу па адраджэнню роднай зямлі даручана Андрэю Міхайлавічу Чэркасу (на здымку справа). І кіраўнікі, і спецыялісты, і ўсе без выключэння жыхары Хойнікшчыны могуць звяртацца да яго ў аддзел ідэалагічнай работы райвыканкома (тэл. 2-23-26, e-mail: isp@khoiniki.gomel-region.by) за тэматычнымі, аналітычнымі, інфармацыйнымі, даведачнымі матэрыяламі, паступаючымі ад Дэпартамента, аблвыканкома, Інстытута радыялогіі і яго філіялаў, іншых крыніц.

У сваю чаргу кожны можа падзяліцца ідэямі, прапановамі адносна адраснай рэабілітацыі і развіцця забруджаных радыенуклідамі тэрыторый, актывізацыі іх чалавечага, гаспадарчага, прыроднага, культурнага патэнцыялу. У далейшым не выключана магчымасць пачатковай фінансавай падтрымкі найбольш перспектыўных праектаў і ўключэнне іх у новыя чарнобыльскія праграмы 2011-2015 гг.


Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *