У нас агульны лёс


8 снежня адзначалася дзесятая гадавіна падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Але за гэтай лічбай стаіць іншае – дзесяцігоддзі, нават стагоддзі братэрскія народы жылі побач, разам будавалі сваё сучаснае, ішлі насустрач будучаму. Стварэнне Саюзнай дзяржавы стала лагічным і правільным працягам шматвекавой агульнай гісторыі. Мабыць, менавіта таму ўсе святы і знамянальныя даты, звязаныя з гэтай падзеяй, арганічна ўвайшлі ў наш каляндар.

Святочны канцэрт “На вякі разам: Русь і Беларусь”, які прайшоў у дзіцячай школе мастацтваў, сабраў у якасці гледачоў не толькі прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якія ніколі не абмінаюць сваёй увагай раённыя мерапрыемствы, але і моладзь, якая з запалам сустракала ўсе нумары артыстаў мастацкай самадзейнасці.

Не магло абысціся гэтае свята і без віншаванняў, якія ад імя кіраўніцтва раёна і ад сябе асабіста агучыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна.

Рускія і беларускія песні, народныя  мелодыі мінулых гадоў і сучасныя кампазіцыі, танцавальныя нумары і класічныя кампазіцыі спляліся ў адзінае святочнае палатно. Запомніліся прысутным і нумары ў выкананні ансамбля акардыяністаў і ансамбля скрыпачоў дзіцячай школы мастацтваў. І зусім юныя выканаўцы, як Вераніка Махнавец (на здымку), якая цудоўна выступіла, сабраўшы бурныя апладысменты залы, і прадстаўнікі старэйшага пакалення ўкладвалі ў свае нумары ўсю цеплыню сэрцаў і агонь душы.

Сёння, праз 10 год пасля стварэння Саюзнай дзяржавы, адно можна сказаць з упэўненасцю: адну з галоўнейшых сваіх функцый яна выканала – зблізіла дзве краіны-суседкі, народы якіх ужо даўно не ўяўляюць жыццё адзін без аднаго.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *