Сітуацыя пад кантролем


У адпаведнасці з рашэннем Хойніцкага райвыканкома № 765 ад 27 ліпеня 2009 года з запасу невыкарыстоўваемых земляў 115 гектараў перададзена ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” для вядзення лесагаспадарчай вытворчасці. Гэта тэрыторыі былых вёсак Чахі, Рудыя, Плоскае і Мокіш. Тры першыя, а таксама былая вёска Чырвонае Возера пахаваны ўжо, а цяпер вядзецца пахаванне Губарэвіч і Мокіша.

Нядаўна тут пабывала наша рэйдавая група. Да завяршэння работ, якія вядуць спецыялісты РСУП “Палессе”, засталося не так многа часу. Пасля гэтыя тэрыторыі таксама будуць перададзены лясгасу, і на іх гэтак жа зашумяць хваёвыя бары.

А пакуль што працаўнікі лесу завяршылі падрыхтоўку глебы для пасадкі дрэў хваёвых парод, якая пачнецца будучай вясной. Потым з гэтых тэрыторый будзе зняты ахоўны рэжым, для чаго падрыхтавана ўся неабходная дакументацыя. Гэта значыць, што пасля прыняцця Дэпартаментам па ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС адпаведнага рашэння гэтыя месцы можна будзе наведваць без прапускоў і дазволаў. На 2010 год запланавана пахаванне былых вёсак Амелькаўшчына і Чырвоны Рог.

Гэтыя работы таксама будуць выконваць спецыялісты РСУП “Палессе”, якое займаецца не толькі пахаваннем адселеных вёсак, але і вывазам радыеактыўна забруджаных матэрыялаў, доглядам за месцамі складзіравання радыеактыўных адходаў. Для гэтага ў работнікаў “Палесся” ёсць і багаты прафесійны вопыт, і неабходная тэхніка, і апаратура.      

На тэрыторыі зон адсялення і адчужэння нямала радыеактыўных могільнікаў. Работнікі “Палесся” двойчы ў год (вясной і восенню) правяраюць іх стан і выконваюць усе неабходныя работы. У тым, што яны нядаўна пабывалі на могільніках у Хойніцкім раёне, пераканалася і наша рэйдавая група: падцягнуты правісшы калючы дрот, пафарбаваны, а дзе трэба і заменены папярэджваючыя знакі, высечаны хмызняк.

Дрэнна толькі тое, што нехта прынадзіўся зразаць калючы дрот на могільніку за Навасёлкамі. Такія факты ўжо двойчы зафіксаваны ў гэтым годзе. Папярэджваем невядомых зламыснікаў аб тым, што за такія дзеянні ім пагражае немалы штраф.

Пабывалі і на Прыпяці. Ціха і павольна каціць яна свае багатыя ў гэты час воды. Бязлюдна і на берагах. І ўсё ж бываюць выпадкі, калі на рыбалку ў зону адсялення па цячэнню незаконна спускаюцца аматары юшкі, якія стартуюць з вёскі Канатоп Нараўлянскага раёна. Яна не ўваходзіць у зону ахоўнага рэжыму, чым і карыстаюцца парушальнікі. Аднаго з іх, мінчаніна Я.К. Раманенку, ужо двойчы затрымлівалі ў час незаконнай лоўлі з маторнай лодкі.

Аднак у цэлым выпадкаў незаконных пранікненняў у зону зараз стала намнога менш. Сваю справу добра ведаюць работнікі сектара аховы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, супрацоўнікі РАУС і міжраённай міліцэйскай базы, Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння, іншых зацікаўленых арганізацый. Сёння тут можна сустрэць толькі або работнікаў і вучоных запаведніка, або машыны, якія вядуць патруляванне.

Заехалі ў Тульгавічы. Сёння тут пражывае 9 чалавек. Аб тым, што яны не адарваны ад знешняга свету, сведчыла памятка на спецыяльна абсталяваным інфармацыйным стэндзе аб мерах перасцярогі для таго, каб не захварэць на грып.

Пабачылі і статак з 6 зуброў, які спакойна пасвіўся непадалёку ад Новапакроўскага КПП. Магутныя, поўныя сілы жывёліны не звярнулі на нас ніякай увагі. Спакой і цішыня пануе навокал. А гэта значыць, што сітуацыя ў зонах адсялення і адчужэння сёння знаходзіцца пад поўным кантролем.


Члены рэйдавай групы:
Я. КРАЎЧАНКА,
галоўны спецыяліст Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення па Хойніцкаму раёну;
Г. ВАЛЯВАТЫ,
вядучы спецыяліст  Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення па Хойніцкаму раёну;
В. НАЗАРАНКА, карэспандэнт “ХН”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *