Створаны арганізацыйны камітэт


Калі прасачыць пакрокава падрыхтоўку да правядзення Дня пісьменнасці ў г. Хойнікі, то неабходна ўзгадаць 26 красавіка 2008 года. У гэты дзень сумнай гадавіны аварыі на ЧАЭС Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка наведаў аграгарадок Глінішча ў нашым раёне.

Тады на пытанне кіраўніцтва раёна, ці магчыма ў Хойніках правядзенне Дня пісьменнасці, Аляксандр Рыгоравіч даў станоўчы адказ.

А ў сакавіку 2009 года з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь даслалі дакладную запіску, у якой паведамлялася аб тым, што Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка даў згоду на правядзенне ў 2009 годзе Дня беларускай пісьменнасці ў г. Хойнікі Гомельскай вобласці.

Наступны важны крок у яго падрыхтоўцы – прынятая 16 лістапада 2009 года пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб стварэнні Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускай пісьменнасці ў г. Хойнікі Гомельскай вобласці 5 верасня 2010 года.

У яго складзе 20 чалавек, у тым ліку міністры інфармацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спорту і турызму, культуры, адукацыі.

Старшынёй арганізацыйнага камітэта выбраны намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мікалаевіч Патупчык.

Фінансаванне мерапрыемстваў Дня беларускай пісьменнасці будзе ажыццяўляцца за кошт прадугледжаных на гэтыя мэты сродкаў Гомельскага аблвыканкома, Хойніцкага райвыканкома, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых зацікаўленых.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *