Дэпутат з Мокіша і яго сын-«антысаветчык»


У 2005 годзе да Усерасійскага конкурсу доследных работ школьнікаў была падрыхтавана праца дзесяцікласніцы з Краснаярска Таццяны Аляксандраўны Ярмольчык. Прысвечана яна нашым землякам з вёскі Мокіш – бацьку і сыну Ярмольчыкам.

Першы з іх, Кіпрыян Трафімавіч (нар. у 1871 г., пам. перад Вялікай Айчыннай вайной), у 1907-1912 гадах. быў дэпутатам ІІІ Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі. Прычым адзіным, абраным па сялянскай курыі ад усяго Рэчыцкага павета Мінскай губерні, г. зн. ад сучасных Брагінскага, Лоеўскага, Нараўлянскага, Рэчыцкага, Хойніцкага, амаль усяго Калінкавіцкага, часткі Светлагорскага і, падобна, невялічкіх частак Мазырскага ды Жлобінскага раёнаў.

А пачалося з таго, што аднойчы “зверху” на Мікуліцкую воласць прыйшла разнарадка на пасылку двух хлопчыкаў вучыцца. Бацька аднаго, Сцяпана Кругліка, каб не пасылаць сына, як здавалася, “у невядомасць”, адкупіў яго кадоўбчыкам мёду. Малога ж Кіпрэйку на падводзе па размытай дажджамі дарозе павезлі ў павет. Потым, праз шмат гадоў, Кіпрыян Трафімавіч прызнаваўся: “У мяне, як у сляпога кацяняці, вочы прарэзаліся…”

Пасля навучання К.Т. Ярмольчык атрымаў месца настаўніка пачатковых класаў у родным Мокішы. Як сведчаць нашчадкі, ён заўсёды шмат чытаў, ніколі не адмаўляў аднавяскоўцам у напісанні розных папер – скарг, прашэнняў, лістоў… Зразумела, што ад сялянскай працы настаўнік таксама не быў свабодны: меў дзве каровы, двое коней, конную малатарню, 10 дзесяцін зямлі, дык і за плугам мусіў хадзіць. Але, чалавек адукаваны, ён выпісваў шмат спецыяльнай літаратуры, таму гаспадарку сваю даглядаў узорна, ахвотны быў да ўсяго новага і карыснага. Напрыклад, у ягоным двары, адзіным на ўсю вёску, гадаваліся індыкі і індакачкі. Ужо за часамі калектывізацыі* заклаў быў у Мокішы вялікі фруктовы сад, забяспечыўшы яго лесаахоўнай паласой, чаго раней ніхто, акрамя паноў, не ведаў і не рабіў. I жонка Марына Сазонцеўна, родам з Астраглядаў, па-за хатнімі заняткамі ды працай у полі выконвала ў вёсцы і акрузе ролю своеасаблівай “хуткай дапамогі” – прыняла трыста дванаццаць родаў без адзінага выпадку смерці парадзіхі або немаўляці**.

Наогул, гэтая сям’я Ярмольчыкаў у Мокішы лічылася вельмі культурнай. I прычынай тут не проста вучонасць гаспадара. У адрозненне ад іншых хат, падлогі ў іх былі засланыя не даматканымі посцілкамі, а пакупнымі, хоць і простымі, дыванамі. Яшчэ ў хаце Ярмольчыкаў вісеў гадзіннік з боем – вялікая рэдкасць для тагачаснай беларускай глыбінкі, дзеля чаго суседзі часцяком заходзілі да іх не так даведацца аб дакладным часе, як лішні раз паглядзець на цуд і паслухаць бой. Да таго ж, бацькі паклапаціліся, каб усе трое іх дзяцей атрымалі адукацыю і, як вынік, сыны Дамецій, Уладзімір сталі адпаведна інжынерам-землеўпарадкавальнікам і авіяцыйным (!) інжынерам, дачка Ларыса – настаўніцай.

Вось такі чалавек і галава такой сям’і стаў дэпутатам Дзяржаўнай Думы***. Згодна са сваімі поглядамі, увайшоў у “працоўную групу”. Апошняя была створана 28 красавіка 1906 г. на сходзе дэпутатаў ад сялян, рабочых і інтэлігенцыі І Думы. Мела друкаваны орган “Известия крестьянских депутатов”. Праграма групы прадугледжвала ўсталяванне “народаўладдзя”: стварэнне агульнанароднага зямельнага фонду шляхам ліквідацыі памешчыцкага і іншага, як бы мовіць, непрацоўнага землеўладання, усеагульнае выбарчае права, ліквідацыю саслоўяў, нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў, прыняцце законаў аб недатыкальнасці асобы, жылля, перапіскі, свабоды слова, друку, сходаў і інш. Ідэі, як бачым, вельмі прагрэсіўныя. Але ў ІІІ Думе “трудовики” атрымалі ўсяго 13 (у іншых крыніцах – 14) месцаў супраць 107 (потым 97) у І  і 104 у ІІ Думах, а значыць нічога змяніць у жыцці краіны не маглі і не толькі з-за супрацьдзеяння самадзяржаўнай улады…

Дэпутацтва К.Т. Ярмольчыка ў Думе істотна паўплывала на жыццёвы шлях яго старэйшага сына Дамеція Кіпрыянавіча (1893– 1937). Апошні яшчэ да Першай сусветнай вайны паспеў скончыць школу землеўпарадкавальнікаў. У 1914 г. прызваны на вайсковую службу. У 1916 г. яго накіравалі ў 2-ю Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую ў тым жа годзе закончыў і атрымаў адпаведнае званне. Потым ён быў пасланы на Румынскі фронт, стаў падпаручнікам. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на палкавым мітынгу быў абраны камандзірам добраахвотнага чырвонагвардзейскага палка. Вярнуўшыся дадому, у 1918 г. прызначаны начальнікам міліцыі Рэчыцкага павета.

У 1919 г. Д.К. Ярмольчык быў арыштаваны органамі УНК (ВЧК) у г. Рэчыцы па падазрэнні ва ўдзеле ў Стракапытаўскім мяцежы, але праз восем сутак вызвалены. Да 1933 г. працаваў на пасадзе землямера ў Валочыску, Люціне, Ліджыбоцы, Жмерынцы, а пасля – інжынерам-землеўпарадкавальнікам 31 дыстанцыі пуці ў г. Чарнігаве. Тут 19 кастрычніка 1937 г. яго і арыштавалі. У прысудзе Тройкі пры Чарнігаўскім упраўленні НКУС  УССР Д. К. Ярмольчык абвінавачваўся ў правядзенні “а/с (антисоветской) агитации, направленной против колхозного строительства, выражении сочувствия врагам народа Тухачевскому и друг., восхвалении фашистского строя, дискредитации Советского правительства”. У час следства арыштаванага дапытвалі пра ягонага бацьку – дэпутата III Дзяржаўнай Думы. Следчы, між іншым, быў перакананы, што ўся яна “состояла из помещиков и  кулаков” і не разумеў, як мог “пройти в эту Думу крестьянин-бедняк (а ён жа на самой справе – серадняк!) “ Ярмольчык? Відавочна, што дэпутацтва бацькі і служба ў царскай арміі самога Д. К. Ярмольчыка былі сапраўднымі прычынамі яго арышту і наступнага расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці 28 лістапада 1937 г.

Рэабілітаваны наш зямляк пастановай Прэзідыума Чарнігаўскага абласнога суда толькі 30 лістапада 1957 г.

* Дарэчы, з калгаса яго на пачатку 1930-х гг. выключылі.

** Калі мужа абралі дэпутатам і сям’я пэўны час жыла ў Пецярбургу на вуліцы Кірачнай у доме № 30 (які захаваўся да сёння), кв. 36, Марына Сазонцеўна актыўна наведвала сястрынскія альбо фельчарскія курсы, а ўспамінаючы тыя часы неяк сказала: “Унучка мая, я цара бачыла …”

*** Зрэшты, у IV Дзяржаўную Думу наш зямляк, пры ўсіх сваіх якасцях, не прайшоў бы. У “Списке землевладельцев Минской губернии 1911 г.” па Рэчыцкаму павету сустракаем толькі тых асоб, якія валодалі 20 і болей дзесяцінамі зямлі. Яны і ўдзельнічалі ў выбарах. “Трудовики” гэтым разам займелі 10 месцаў.


С. БЕЛЬСКІ,
настаўнік гісторыі СШ № 3 г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *