З міліцэйскай хронікі


КРАДЗЕНЫМ ПАЖЫВІЦЦА НЕ ЎДАЛОСЯ


46-гадовая Вера Кунакова – асоба вядомая ў міліцэйскіх колах. У 2007 годзе два разы прыцягвалася да адказнасці па артыкулу 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за дробнае хуліганства, сёлета – па таму ж артыкулу ды яшчэ за з’яўленне ў грамадскіх месцах у п’яным стане.

А яшчэ п’яная Кунакова  ў 22 гадзіны 29 жніўня сёлета зайшла ў дом № 36 па вул. Набярэжнай вёскі Віць. Карыстаючыся бестурботнасцю гаспадароў, якія не зачынілі дзверы, украла кашалёк з вялікай сумай грошай.

Крадзеным пажывіцца не ўдалося. Пасадзілі на лаву падсудных зладзейку. Прыгавор – адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на год.


КАБ НЕ ТУРБАВАЦЬ ГАЗАВІКОЎ?


Анатолій Брэкман 17 верасня сёлета апоўдні ў вёсцы Мархлеўск цягнуў пусты газавы балон да дома А.У. Данчанкі, ведаючы, што той на днях купіў новы балон запраўлены.

На верандзе, як запраўскі газавік, выканаў неабходныя аперацыі і вяртаўся ўжо з балонам поўным, пакінуўшы свой падключаным да пліты Данчанкі.  Не ўдалося задарма пакарыстацца блакітным палівам, раскрыта злачынства. Давялося трымаць адказ перад судом .


НЕ ЗМОГ ВЫКАЗАЦЬ


За што неўзлюбіў Міхаіл Харошка аднавяскоўца, што дрэннага той яму зрабіў, ніхто не ведае. Прыйшоў бы і ў ветлівай форме выказаў словамі свае прэтэнзіі. Але ён у 22 гадзіны 7 жніўня сёлета, узяўшы балончык з нітрафарбай, прыйшоў да дома аднавяскоўца і распісаў уваходныя дзверы нецэнзурнымі словамі, нанёсшы, акрамя маральнага, і матэрыяльны ўрон.

Сваімі дзеяннямі М.М. Харошка апаганіў будынак, г. зн. здейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Справа перададзена ў суд. Зламыснік атрымаў заслужанае пакаранне.


І ВАРТАЎНІКОЎ УКРАСЦІ МОЖНА


Рэйды па праверцы нясення службы вартавай аховай у гаспадарках раёна супрацоўнікамі міліцыі праводзяцца рэгулярна. І трэба сказаць, што многія вартаўнікі толькі лічацца такімі. Мяркуйце самі.

Не аказалася на рабочым месцы 9 снежня ў 19 гадзін вартаўніка мехдвара ў в. Паселічы КСУП “Веляцін” Ю.Ф. Санцэвіча. Вароты насцеж, на прахадной курае падвешаная да столі газоўка (якая ўжо тут супрацьпажарная бяспека!), веласіпед, на багажніку якога прывязаная сякера і заліваецца брэхам сабачка.

Спаў у чатыры гадзіны раніцы на рабочым месцы вартаўнік ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” Андрэй Прышчэп. Давялося будзіць.

Адміністрацыйны пратакол складзены на вартаўніка фермы “Дворышча” Д.С. Брухавецкага, які на службе знаходзіўся ў п’яным стане.

Прыкладаў можна прыводзіць нямала. Напрошваецца лагічнае пытанне: навошта трымаць такую ахову, калі гора-вартаўнікоў саміх украсці можна?


А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення аховы
правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *