Віктар Карась — вязень двух рэжымаў

Да Дня Вялікай Перамогі

КарасьУсё далей у глыбіню вякоў адыходзяць падзеі, якія некалі ўскалыхнулі чалавецтва. Гэта гады небывалага подзвігу савецкіх людзей у час Вялікай Айчыннай вайны.

Але памяць народная, сэрцы людскія назаўсёды захаваюць і велічнасць здзейсненага, і велічнасць Вялікай Перамогі. І кожную восень, калі надыходзіць чарговая гадавіна вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы ўспамінаем усіх тых, хто ў росквіце сіл аддаў сваё жыццё за незалежнасць Айчыны, хто ваяваў з фашысцкімі захопнікамі не толькі на франтах Вялікай Айчыннай, але і ў партызанскіх атрадах, падполлі, хто каваў Перамогу ў фабрычных цэхах і ля заводскіх станкоў, у глыбокім тыле.

Памяць. Яне не можа маўчаць. У 70-ю гадавіну вызвалення Хойнікшчыны ад лютага ворага мы яшчэ раз нізка схіляем галовы перад мужнасцю і гераізмам нашых продкаў, тых, хто даў магчымасць нам сёння жыць пад мірным небам.
За свае 93 гады нашаму земляку, ураджэнцу вёскі Валокі Віктару Васільевічу Карасю (на здымку) столькі давялося перажыць і пабачыць, што ўсяго гэтага хапіла б на некалькі чалавек. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, зведаў, чаго каштуе кавалак хлеба, рана прывучыўся да працы.

У армію ён прызываўся ў 1940 годзе. У воінскай часці, якая дыслацыравалася пад Ленінградам, байца Карася, як ведаючага радыётэхніку, вызначылі на радыёвузел, потым у палкавой школе з яго рыхтавалі радыста. Але ў першыя месяцы вайны яго спецыяльнасць не была запатрабавана, ваяваў у пехоце. У чэрвені-верасні 1941 года батальён, у якім знаходзіўся В.В. Карась, вёў баі на подступах да Ленінграда разам з балтыйскімі маракамі. У тых кровапралітных баях ён атрымаў скразное раненне ў нагу і пасля лячэння ў шпіталі быў накіраваны ў запасны полк.

У сакавіку 1942 года ў якасці радыста сярод чатырох чалавек групы быў накіраваны ў тыл ворага. Самалёт паспяхова перасёк лінію фронту, але з-за памылкі пілота з месцам дэсантавання трапіў Карась у варожы палон. Ноччу, падкапаўшы зямлю пад сцяной, збег, ішоў да лініі фронту. У другі раз немцы прынялі яго за неваеннаабавязанага, які хаваецца ад угону ў Германію. Тры бясконцыя гады быў у фашысцкай няволі. У маі 1945 года вызвалілі амерыканцы. А ў 1946-м, вярнуўшыся дамоў, быў арыштаваны і асуджаны судом «тройкі»: аказваецца, замест палону ў 1942 годзе павінен быў прыняць смерць. Далі 10 гадоў лагераў, з якіх адбыў восем. Спачатку на лесапавале непадалёку ад Масквы, затым будаваў шахты ў Карагандзе.

ХХ з’езд КПСС асудзіў культ асобы Сталіна, Віктар Васільевіч быў рэабілітаваны і прыроўнены да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, прыехаў у Хойнікі з жонкай, з якой пазнаёміўся ў Казахстане, будучы на вольным пасяленні. Працаваў у леспрамгасе, на хлебазаводзе, электрыкам у гасразліковым-прарабскім участку, усюды быў на добрым рахунку. У мірны час быў узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», да якога прыбавіліся многія юбілейныя медалі.

Інвалід Вялікай Айчыннай вайны, Віктар Васільевіч Карась дажывае свой век з вернай спадарожніцай жыцця Зінаідай Іванаўнай ва ўласнаручна пабудаваным доме па вуліцы Савецкай райцэнтра. На свой лёс не наракае, гаворыць – ад наканаванага ў жыцці нікуды не дзецца.

 

Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *