Навагодняя казка


У мінулую пятніцу ўсе жадаючыя на плошчы Леніна райцэнтра маглі прыняць удзел у пераднавагоднім кірмашы па продажу сельскагаспадарчай прадукцыі, харчовых і нехарчовых тавараў. Раённае спажывецкае таварыства прадаставіла шырокі асартымент тавараў, дзейнічалі святочныя скідкі. Сваю прадукцыю прапаноўвалі пакупнікам ПУП “Палескія сыры”, АСП “Каапнарыхтпром”, тут жа можна было набыць навагоднюю елку.

Галоўнай жа падзеяй дня стала арганізаванае аддзелам культуры райвыканкома святочнае шэсце Дзедаў Марозаў, Снягурачак і казачных персанажаў “Навагодняя казка”. Удзел прынялі прадстаўнікі 17 працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. І кожны з іх уклаў у пераўвасабленне ўсю сваю фантазію. Не было тут аднолькавых Дзедаў Марозаў і Снягурачак. Ад разнастайнасці варыяцый касцюмаў казачных персанажаў разбягаліся вочы.

Усе ўдзельнікі прадэманстравалі свае творчыя здольнасці і павіншавалі хайнічан з навагоднімі і каляднымі святамі. У намінацыі “Лепшая тэатралізацыя” несумненнымі пераможцамі сталі прадстаўнікі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. На другім месцы – Паселіцкі дзіцячы сад-СШ, трэцім – ДПТВ-183. Лепшае навагодняе віншаванне падрыхтаваў калектыў дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі, на другім месцы – прадстаўнікі дзіцячага сада-ясляў № 1, трэцімі ў конкурсе віншаванняў сталі ўдзельнікі свята з КСУП імя Мележа. Каманда Казялужскай СШ пакарыла сэрцы гледачоў і атрымала адпаведны прыз.

Усе пераможцы ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі і святочнымі падарункамі. Астатнія ж удзельнікі, як і гледачы гэтага прыгожага свята, атрымалі ў падарунак цудоўны пераднавагодні настрой, добры зарад энергіі і толькі станоўчыя эмоцыі.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *