Канструктыўна, па-дзелавому


Поспех справы па абароне правоў і інтарэсаў працаўнікоў у дзейнасці прафсаюзаў залежыць у першую чаргу ад таго, як наладжана гэтая работа ў пярвічных арганізацыях, прафгрупах. Як з гэтым, а таксама з іншымі пытаннямі спраўляецца прафком Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, гаварылася на справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні Новага года. Са справаздачай аб рабоце прафкома выступіла яго старшыня Т.Г. Астудзіна, са справаздачай рэвізійнай камісіі – Н.А. Савіцкая. Трэба адзначыць, што сярод пярвічных  прафсаюзных арганізацый АПК раёна па колькаснаму складу гэта самая вялікая пярвічка, налічвае ў сваіх радах 724 чалавекі, дзейнічае 30 прафгруп, 30 грамадскіх інспектараў па ахове працы. За апошнія пяць год працэнт ахопу прафсаюзным членствам узрос з 96 працэнтаў да 99.


НА АСНОЎНЫМ НАПРАМКУ


Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці прафкома з’яўляецца заключэнне калектыўных дагавораў, у якіх прадугледжаны гарантаваныя і кампенсацыйныя надбаўкі стымулюючага характару і шэраг абавязацельстваў па сацыяльна-эканамічных ільготах. Толькі для членаў прафсаюза належыць матэрыяльная дапамога ў памеры трох базавых велічынь у сувязі са стыхійным бедствам, пажарам, крадзяжом маёмасці, калецтвам, устанаўленнем групы інваліднасці, часовай стратай працаздольнасці. Дапамога таксама аказваецца ў сувязі з сямейнымі абставінамі, цяжкім матэрыяльным становішчам, у сувязі са смерцю блізкіх родзічаў, пры нараджэнні дзіцяці, уступленні ў шлюб, пры звальненні з выхадам на пенсію па ўзросту і інш. У абавязку адміністрацыі – паведамленне або ўзгадненне з прафкомам правіл унутранага распарадку, графікаў працоўных водпускаў, графікаў работы.


АХОВА ПРАЦЫ


У справаздачным перыядзе грамадскімі інспектарамі па ахове працы рэгулярна праводзіліся праверкі захавання патрабаванняў аховы працы, пажарнай і радыяцыйнай бяспекі ў структурных падраздзяленнях, забеспячэння работнікаў спецадзеннем і абуткам, сродкамі індывідуальнай абароны, мыючымі сродкамі, своечасовасці правядзення вучобы і інструктажаў. Да прыкладу, у 2005 годзе было зрасходвана на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны 84,6 мільёна рублёў, у 2006-м – 132,5 мільёна, у 2007-м – 161,7, у 2008-м – 103,1 мільёна рублёў. Пастаянна ўносяцца дапаўненні ў нормы бясплатнай выдачы сродкаў індывідуальнай абароны, якія па ініцыятыве прафкома карэкціруюцца ў інтарэсах працуючых. Прафком ажыццяўляе пастаянны кантроль за захаваннем працоўнага заканадаўства. Усе ўноўпрынятыя на працу знаёмяцца са зместам калектыўнага дагавора. Разам з тым, як адзначалася ў справаздачы і ў выступленнях дэлегатаў, яшчэ многа не вырашаных пытанняў па ахове працы.


ДАБРАЧЫННАСЦЬ


Прафсаюзным актывам арганізавана рэгулярнае наведванне дзяцей Барысаўшчанскага прытулка і Васілевіцкай школы-інтэрната Рэчыцкага раёна. Сабрана 1910000 рублёў, якія пералічаны на аперацыю гомельскаму хлопчыку Антону Дабрасельскаму. Штогод арганізоўваецца “салодкі стол” для дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх. У ходзе правядзення акцыі “Збяром школьны партфель” мнагадзетным сем’ям была выдзелена матэрыяльная дапамога ў памеры 1680000 рублёў. Сабрана 1700000 рублёў для аперацыі трохгадовай дзяўчынкі Паліны з г. Новаполацка.


З КЛОПАТАМ АБ ВЕТЭРАНАХ


Актывісты прафсаюзнай арганізацыі наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – былых работнікаў – на даму, віншуюць з Днём Перамогі, уручаюць кошыкі з прадуктовымі наборамі. Штогод не застаюцца па-за ўвагай работнікі, якія адпрацавалі ў запаведніку больш за 10 год. У Дзень пажылых людзей ніхто з іх не абдзелены ўвагай. У 2008 годзе  на даму ім уручаны падарункі,  арганізавана чаяпіцце і канцэрты ў г. Хойнікі, Камарыне і Нароўлі. А ў ліпені заслужаныя работнікі запаведніка былі запрошаны на мерапрыемствы, прысвечаныя 20-годдзю ўтварэння ўстановы, дзе ім былі ўручаны каштоўныя падарункі.


АРГАНІЗАЦЫЯ АДПАЧЫНКУ


Клопат праяўляе прафком аб аздараўленні працаўнікоў і  іх дзяцей. Наладжана культурна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа. Калектыў ПДРЭЗ прымае актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах раёна, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дзе, як правіла, займае прызавыя месцы.
Добрай традыцыяй стала правядзенне танцавальных вечароў, спартыўных спаборніцтваў, дзіцячых ранішнікаў, арганізацыя паездак дзяцей работнікаў запаведніка ў Гомельскі цырк, віншаванне воінаў-інтэрнацыяналістаў і інш. Есць свой вакальна-інструментальны ансамбль, які выступаў з канцэртнымі праграмамі ў рэспубліканскім  навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, на Нараўлянскай цукерачнай фабрыцы, у КСУП “Веляцін”, у г.п. Брагін.

У мэтах фарміравання здаровага ладу жыцця, прыцягнення работнікаў запаведніка да заняткаў фізкультурай і спортам прафкомам быў набыты спартыўны інвентар: тэнісныя сталы і ракеткі на тры ўчасткі, шахматы, валейбольныя мячы і сеткі, футбольныя мячы. І як вынік – спартыўныя дасягненні: у чэмпіянаце раёна каманда запаведніка рэгулярна займае прызавыя месцы па валейболу, гіравому спорту, армрэстлінгу, міні-футболу, настольнаму тэнісу, шахматах і шашках.

Летась пярвічная арганізацыя прыняла ўдзел у абласным конкурсе “Лепшая прафсаюзная арганізацыя прафсаюза” і была прызнана пераможцай.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *