Пропуск на знешні рынак


2010 год у нашай краіне абвешчаны Годам якасці. Прамысловасць Рэспублікі Беларусь мэтанакіравана і дынамічна развіваецца і сёння на першы план выходзяць не толькі колькасныя, але якасныя паказчыкі.

У 2008 годзе Хойніцкі завод гідраапаратуры першым у раёне атрымаў сертыфікат адпаведнасці СТБ ІSО 9001-2001. Аб тым, што гэта за дакумент і якія магчымасці ён адкрывае, расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Аляксандравіч КАЖАДУБ.


– Сертыфікат адпаведнасці СТБ ІSO 9001-2001 сертыфіцыруе не проста якасць нейкага аднаго віду з наменклатуры вырабаў, а ўвесь жыццёвы цыкл выпушчанай прадпрыемствам прадукцыі. Гэта значыць, што сертыфіцыруюцца параметры якасці тавараў і вырабаў, якасць работы прадпрыемства-вырабляльніка са спажыўцамі, якасць гарантыйнага і паслягарантыйнага абслугоўвання, якасць работы менеджмента прадпрыемства і многае іншае. Сертыфікат падпісваецца старшынёй Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь і рэгіструецца ў ІSO – Міжнародным камітэце па стандартызацыі, які з’яўляецца самай уплывовай і аўтарытэтнай арганізацыяй у Еўропе ў галіне стандартызацыі. ІSO, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Жэневе, быў створаны яшчэ ў 1903 годзе, а яго мэтамі сталі кааперацыя, уніфікацыя і інтэграцыя вытворчасцей розных краін.

Каб было зразумела, аб чым ідзе размова, растлумачу на канкрэтным прыкладзе. Так, да нядаўняга часу шырыня чыгуначных каляін у Еўропе і краінах былога СССР была рознай, і чыгуначнікам з абодвух бакоў даводзілася прыстасоўвацца да гэтай акалічнасці, губляючы час і трацячы залішнія працоўныя рэсурсы. ІSO якраз і створаны для таго, каб пазбегнуць такіх недарэчных сітуацый.

Гэты дакумент высока цэніцца патэнцыяльнымі партнёрамі з еўрапейскіх краін і перад пачаткам любых дзелавых перагавораў яны ў першую чаргу цікавяцца яго наяўнасцю. Так што сертыфікат адпаведнасці СТБ ІSO 9001-2001 з’яўляецца неабходнай умовай для выхаду прадпрыемства на знешнееўрапейскі рынак. Выдаецца ён тэрмінам на 3 гады, аднак раз у год прадпрыемства інспектуецца адпаведнай камісіяй.

Адзначу, што патрабаванні для атрымання гэтага дакумента якасці, а таксама да яго рэсертыфікацыі пастаянна ўзмацняюцца. І тым болей прыемна, што 30 снежня мінулага года быў падпісаны дакумент аб рэсертыфікацыі нашага прадпрыемства, які мы на днях і атрымаем у Дзяржстандарце Рэспублікі Беларусь.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *