Прытулак дала бальніца


Наша жыццё пралятае быццам адно імгненне. Ацэнка пражытым гадам даецца, як правіла, пры выхадзе на заслужаны адпачынак. І вось тады ў многіх з’яўляецца расчараванне. Асабліва цяжка ўспрымаюць адзінокую старасць, бездапаможнасць людзі, у якіх няма ўжо ні сіл, ні здароўя.

Гэтай катэгорыі насельніцтва ў нашай краіне адводзіцца многа клопатаў і ўвагі ў рамках рэалізацыі Комплекснай праграмы па ўдасканальванню сістэмы сацыяльнай работы з адзінокімі грамадзянамі пажылога ўзросту.

У Хойніцкім раёне на базе Глінішчанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі створана бальніца сястрынскага догляду, у якую пераўтворана ранейшае геранталагічнае аддзяленне. Родным домам зараз яна з’яўляецца для 13 пацыентаў, якія, як правіла, паступаюць сюды надоўга. І як бы ні горка гаварыць аб гэтым, але месцы выслабаняюцца толькі тады, калі чалавек памірае. Нямногіх удаецца ўладкаваць з дапамогай адпаведных служб у дамы-інтэрнаты.

…Калі ехала ў бальніцу сястрынскага догляду, рыхтавалася ўбачыць змрочныя палаты і іх панурых пастаяльцаў. Але, аказаўшыся тут, адчула атмасферу цяпла і ўтульнасці, у якой правяла некалькі гадзін.

У светлых і чыстых пакоях – пацыенты, якія толькі што паснедалі. Нехта з іх дрэмле, хтосьці ўдзельнічае ў размове аб надвор’і, палітыцы, сям’і. Чутная ажыўленая гутарка: гэта прыйшоў праведаць пацыента яго прыяцель з вёскі Тунеўшчына.

– Напішыце ў газеце,  што вельмі добры персанал тут, – спыніўшы на момант размову з наведвальнікам і выехаўшы на калідор на інваліднай калясцы, просіць Уладзімір Кузьміч Капітан. – Як уважліва да нас адносяцца!

Медсястра Алена Рыгораўна Рубан са сваёй падапечнай, хайнічанкай Зінаідай Рыгораўнай РусанавайМедыцынская сястра Алена Рыгораўна  Рубан гаворыць, што нічога звышнатуральнага работнікі бальніцы не робяць, проста добрасумленна выконваюць свае абавязкі. Старыя людзі, што знаходзяцца тут, не патрабавальныя ў ежы, ім не патрэбны ўборы, яны маюць патрэбу толькі ў чуласці, чаго не атрымалі па волі свайго адзінокага лёсу або з-за няўвагі родных і блізкіх. Самае галоўнае для іх тое, што ў бальніцы паважаюць  старасць.

А загадчык бальніцы Вячаслаў Вячаслававіч Дзмітрэнка дадае: “Нашы падапечныя – гэта людзі, якія па свайму ўзросту не могуць сябе абслугоўваць і, вядома, маюць букет захворванняў. З усіх чалавек зараз 7 – абсалютна адзінокія. Яны са знясіленай вайной, родзічамі, узростам, хваробай нервовай сістэмай. І патрэбна ім даць магчымасць пражыць адведзены час, не страчваючы чалавечай вартасці. Да кожнага патрэбен неардынарны падыход. Але, па-мойму, самы лепшы вітамін для іх – увага, ласкавае слова”.

Амаль усе пацыенты бальніцы шчырыя, адкрытыя, гаваркія. Кожны з іх ахвотна расказвае аб сабе. Так, 74-гадовая жыхарка вёскі Загальская Слабодка, былы палявод сельгаспрадпрыемства Марыя Тарасаўна Лустач, якая ў бальніцы жыве сёмы год, зазначыла, што ў свой час сама папрасілася сюды: муж памёр, дзве сястры таксама, з радні нікога няма. І лічыць, што за заплачаныя грошы атрымлівае добры догляд. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што знаходжанне тут платнае, на рахунак цэнтральнай раённай бальніцы пацыенты пералічваюць 90 працэнтаў сваёй пенсіі, астатнія 10 працэнтаў ім выдаюцца на рукі. 

Хайнічанка Наталля Іванаўна Лагвінец, 1922 года нараджэння, з дня ў дзень чакае, калі яе наведаюць дочкі. Але гэта, напэўна, застанецца марай: бо адна з іх жыве ў Маскве, другая за мяжой – у сталіцы Швецыі. Ды і самі дочкі даўно ўжо пенсіянеркі.

Жыхар вёскі Храпкаў Станіслаў Міхайлавіч Мурашка, якому 65 гадоў, – інвалід з дзяцінства. Выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і. Бацька памёр у 40-гадовым узросце, пакінуўшы дзевяць дзяцей. Выхоўвала іх адна маці, якая пайшла з жыцця ў 91 год. У жывых цяпер толькі адзін брат, ды і той у Расіі.

Самы старэйшы пацыент бальніцы – Надзежда Мікітаўна Петрушэнка, 1915 года нараджэння, жыхарка Хойнік. На чатыры гады маладзей за яе Ніна Іванаўна Касабуцкая з вёскі Рабец, якая ўсё жыццё пражыла адзінокай.
"Жыхарка" бальніцы Ніна Іванаўна Касабуцкая з в. Рабец
А вось жыхарка вёскі Вялікі Бор, 71-гадовая Ганна Рыгораўна Шчука, як гавораць яе суседкі па палаце, днём вельмі мала затрымліваецца: яна і ў памочніках у мясцовых жыхароў бывае, і выслухае ўсе вясковыя навіны. На агульны стол свежай агародніны прынясе, ды раскажа, што ў свеце дзеецца.

Пабываўшы ў бальніцы сястрынскага догляду, задалася пытаннем: як можа персанал прапусціць праз свае сэрцы лёсы ўсіх сваіх пацыентаў?  Тым не менш, дораць увагу і любоў сваім састарэлым пацыентам загадчык бальніцы, чатыры медсястры, два повары і загадчык гаспадарчай часткі. Тут людзі працуюць у асноўным з дня адкрыцця сацыяльнай установы. І яны сапраўды любяць сваю працу і пажылых людзей, якія ім плацяць тым жа.

…Вядома, цэнтральнай раённай бальніцай створаны найлепшыя ўмовы, каб адзінокія састарэлыя людзі ў Глінішчы жылі ва ўмовах не горшых, чым іх равеснікі, якія ў паважаным узросце акружаны сямейным цяплом. Усё ў іх ёсць – і смачная ежа, і добрая пасцельная бялізна, і цікавыя перадачы па тэлевізары… Акрамя таго, большасць мае такую ўвагу, якой ніколі не было ў родных сем’ях. Ужо толькі б таму можна было б парадавацца. Але, вядома, не радасць адчуеш, наведаўшы гэтую ўстанову. Нельга на базе адной бальніцы вырашыць праблемы састарэлых людзей. Гэта толькі ў песні пяецца: “Дорогие мои старики…” Проза жыцця найбольш суровая і бязлітасная. Людзей, якія апынуліся на абочыне жыцця, на жаль, з часам не становіцца менш. Падумалася: а што было б з гэтымі старымі нямоглымі людзьмі, калі б не дзяржава?


Аб праблемах пажылых людзей – кампетэнтна


Аляксандр Сямёнавіч Кальцоў, урач-герыятр цэнтральнай раённай бальніцы:


“КЛОПАТ – УСЕБАКОВЫ”:


– Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобы, прыроўненыя да іх, працаўнікі тылу, адзінокія і адзінокапражываючыя грамадзяне, воіны-афганцы знаходзяцца пад пільнай увагай медыкаў раёна. Кожны год праводзіцца комплексны агляд гэтага кантынгенту, брыгада медыкаў выязджае да людзей, чый узрост вышэй 80 гадоў, на дом. Удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны наведваюцца ўчастковай медсястрой не радзей аднаго разу ў квартал. Усе ветэраны зубасаніраваны і зубапратэзіраваны, забяспечаны слыхавымі апаратамі. Адзінокія людзі аглядваюцца медыкамі адзін раз у паўгоддзе, таксама на даму.

У мінулым годзе 117 чалавек гэтай катэгорыі насельніцтва знаходзіліся на стацыянарным лячэнні ў райбальніцы. У тэрапеўтычным і хірургічным аддзяленнях райбальніцы выдзелена 5 ложкаў павышанай камфортнасці для іх. У час знаходжання ў бальніцы пацыенты атрымліваюць дадатковае харчаванне.

У дзвюх аддзяленнях бальніцы працуюць школы здаровага ладу жыцця для людзей так званага трэцяга ўзроўню жыцця (жанчыны за 55 гадоў, мужчыны – за 60). Праводзяцца заняткі па тых захворваннях, якімі людзі пакутуюць. Тэматыка вучобы даводзіцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Галіна Мікалаеўна Скачко, в.а. дырэктара Хойніцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:


“АДЗІН У ПОЛІ НЕ ВОІН”:


– Згодна з мерапрыемствамі раённай комплекснай праграмы па ўдасканальванню сістэмы сацыяльнай работы з адзінокімі грамадзянамі пажылога ўзросту да 2010 года спецыялістамі нашай установы пры падтрымцы сельскіх выканаўчых камітэтаў штогод праводзяцца абследаванні ўмоў пражывання адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян. Па выніках гэтых абследаванняў распрацоўваюцца мерапрыемствы па аказанню канкрэтнай дапамогі гэтай катэгорыі насельніцтва.

У мінулым годзе спецыялісты цэнтра размясцілі ў дом-інтэрнат і Глінішчанскую бальніцу сястрынскага догляду па тры адзінокія чалавекі, якім патрэбен пастаянны пабочны догляд.

У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму на абслугоўванні знаходзіцца 357 пажылых людзей, у тым ліку 130 адзінокіх. Надомнае абслугоўванне арганізавана ў 31 населеным пункце раёна, што складае 58,4 працэнта пры абласным паказчыку 55,8,  і ў параўнанні з 2007 годам павялічылася на 19 працэнтаў.

Складзены спіскі маючых патрэбу ў сродках гігіены і прадуктах харчавання. Гэты від сацыяльнай дапамогі будзе аказвацца ў першым квартале 2010 года.

Цэнтр таксама аказвае дадатковыя паслугі, не ўваходзячыя ў пералік бясплатных і агульнадаступных паслуг. Гэта аклейка сцен, афарбоўванне, пабелка, мыццё бялізны,  колка дроў і г.д.

Упраўленнем райвыканкома па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 11674850 рублёў, у тым ліку 101 адзінокаму грамадзяніну на суму 4 мільёны 310 тысяч рублёў.


Падрыхтавала Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *