Экзамен вытрымалі


Сёлетняя зіма багатая на капрызы надвор’я: густыя снегапады змяняюцца адлігамі і наступнымі маразамі, а слупок тэрмометра скача ад плюсавых да дзвюхзначных мінусавых лічбаў. Вось і ў канцы мінулага тыдня на змену мокраму снегу і дажджу прыйшлі  маразы, якія пакрылі шчыльнай лёдавай скарынкай дарогі, дрэвы і дахі дамоў. У такіх экстрэмальных умовах давялося працаваць многім службам, але найбольш цяжкія выпрабаванні выпалі на долю работнікаў раёна электрычных сетак. Расказвае начальнік гэтай арганізацыі Васілій Францавіч БАНДАРЭНКА.

– Сігналізацыя аб пашкоджаннях на лініях электраперадач на пульце дзяжурнага РЭСа спрацавала ў нядзелю, 10 студзеня. Адразу прыступілі да работы наяўныя ў нас аварыйныя брыгады і адна дадаткова створаная. Працаваць давялося ў вельмі няпростых умовах, калі з-за катаклізмаў прыроды выйшлі са строю нават участкі 110-кілавольтных ліній Юравічы-Хойнікі і Брагін-Хойнікі. А на лініі электраперадач Хойнікі-Стралічава ўпала апора ЛЭП і абарваліся правады ажно на 5 пралётах. Нямала парываў і правісання правадоў было зафіксавана і на многіх іншых лініях электраперадач. Таму была спынена падача электраэнергіі на прамысловыя, сельскагаспадарчыя і сацыяльныя аб’екты, а таксама ў жылыя дамы хайнічан і жыхароў вёсак раёна.    

Сітуацыя ўскладнялася і тым, што па ўзяўшыхся лёдавай скарынкай слупах немагчыма было ўзняцца ўверх, таму ў асноўным рамонтнікі працавалі з аўтавышак. Сваіх такіх машын у нас не хапала, на дапамогу прыйшлі калегі з Брагінскага РЭСа, якія выдзелілі нам два такіх спецаўтамабілі. Добра дапамаглі і дарожнікі з ДЭУ-45 і ДЭУ-155, а таксама работнікі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, якія аператыўна расчышчалі пад’езды да месц парываў і правісання ЛЭП. У каардынацыі дзеянняў усіх занятых на аварыйна-рамонтных работах вялікую дапамогу аказаў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Аднак асноўны цяжар аднаўленчых работ выпаў на долю нашых работнікаў, якім давялося ўручную ачышчаць ад снегу і лёду апоры і правады ліній электраперадач. Людзі працавалі на холадзе, у мокрым спецадзенні да 1-2 гадзін ночы, аднак ніхто не пакінуў даручанага ўчастка да поўнага завяршэння работ.

Шчыра ўдзячны майстрам І.М. Шкурко, П.В. Багану, рабочым А.У. Базульку, М.В. Сацуру, А.М. Прахарэнку, С.В. Садчанку, В.С. Іванюценку, дыспетчарам А.Д. Ярмоленку і А.В. Чэкану, трактарысту А.М. Тальчуку, вадзіцелям аўтавышак П.П. Нясмачнаму, В.П. Пінчуку, М.І. Кашкару і многім іншым. Некаторым з іх у гэтыя няпростыя дні давялося бесперапынна працаваць па 20 і больш гадзін (прасцей кажучы, да таго часу, пакуль не была адноўлена падача электраэнергіі). Людзі з гонарам вытрымалі гэты няпросты экзамен. У работах у перыяд аварыйнай сітуацыі на лініях электраперадач у раёне быў задзейнічаны практычна ўвесь штат нашай арганізацыі.

Прыемна і тое, што да гэтай няпростай сітуацыі з разуменнем і вытрымкай аднесліся і жыхары раёна.

Падача электраэнергіі на ўсе прамысловыя, жылыя і сацыяльныя аб’екты была поўнасцю адноўлена ўжо вечарам 12 студзеня.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *