І не патрэбна, і выкінуць няма куды


Старыя, яшчэ працуючыя, але ўжо непатрэбныя халадзільнікі, чорна-белыя і каляровыя, але ўстарэўшыя тэлевізары, непрыгодныя маніторы… Такім “багаццем” можа пахваліцца амаль кожная сям’я. Адны складаюць усё гэта на балконе, іншыя – у гаражы, нехта перасоўвае з месца на месца па кватэры. Выкінуць? Але калі працуе, то нават і шкада. Ды і куды выкінуць?

Можна, канешне, аднесці непатрэбную рэч на сметнік або адвезці на смеццязвалку. Аднак гэта забаронена. У кампрэсарах халадзільнікаў утрымліваецца шкодны фрэон, у тэлевізары або маніторы можа ўзарвацца кінескоп, жалеза акісляецца і атручвае глебу і ваду, адпрацаваўшыя люмінісцэнтныя лямпы і батарэйкі, разбітыя ртутныя градуснікі, пратэрмінаваныя лекі… Усё гэта вельмі небяспечна для чалавека і навакольнага асяроддзя.

Аб вырашэнні праблемы расказвае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя Ж.М. ХАРЫТАНЧУК.

Абыходжанне з адходамі – гэта не толькі вываз, але і абавязковая паўторная іх перапрацоўка. Амаль 100% матэрыялаў, з якіх складаецца сучасная бытавая тэхніка, можна выкарыстаць другі раз. Напрыклад, пластык і метал карпусоў камп’ютэраў можна выкарыстоўваць для вырабу іншай тэхнікі, каштоўныя металы, што ўтрымліваюцца ў электронных платах, можна здаваць. Буйнагабарытную бытавую тэхніку здаць на перапрацоўку ў Беларусі немагчыма. Сабраць ртуць дапамогуць супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, аднак прыёмнага пункта для старых градуснікаў у краіне таксама няма. Аўтамабільныя акумулятары прымае УП “Белколермет”.

Прадпрыемствам і арганізацыям значна прасцей. Яны заключаюць са спецыялізаванымі прадпрыемствамі дагаворы на абясшкоджванне або паўторнае выкарыстанне адходаў. Напрыклад, люмінісцэнтныя лямпы прымае РУП “СВА Хімвалакно”, палімерныя адходы – “Белпалімер”, масла і фільтры – Барысаўскі завод.

Небяспечнымі адходамі непрамысловага паходжання лічацца: адходы, звязаныя з эксплуатацыяй механічных транспартных сродкаў (масла, фільтры, акумулятары і інш.), і адходы, якія ўтрымліваюць небяспечныя хімічныя рэчывы (градуснікі, люмінісцэнтныя лямпы, батарэйкі ўсіх тыпаў, рэшткі фарбаў, лакаў і інш.). Адходы, якія ўтрымліваюць небяспечныя хімічныя рэчывы, складаюць па рэспубліцы прыкладна 7,4 – 7,9 тысячы тон у год. З іх найбольш масавы від – адпрацаваўшыя гальванічныя элементы (да 3,7 тысячы тон у год).

На гэты час у рэспубліцы адсутнічае як заканадаўчая база, якая б прадугледжвала збор і перапрацоўку непрацуючай бытавой і камп’ютэрнай тэхнікі, так і інфраструктура, якая б дазволіла арганізаваць пункты збору адпрацаваўшай тэхнікі ад насельніцтва.

Не так даўно ў нашай краіне была прынята Дзяржаўная праграма па абыходжанню з адходамі на 2008 – 2012 гады, якая вызначае, як збіраць і перапрацоўваць смецце, у тым ліку складаную бытавую тэхніку і старыя аўтамабілі. Адказнасць за збор, сарціроўку і перапрацоўку сваіх тавараў пасля вываду іх з карыстання будзе ляжаць на вытворцах або імпарцёрах гэтых тавараў. 

У гэтым годзе плануецца актывізаваць работу па ўтылізацыі і бяспечнаму захоўванню пестыцыдаў, а таксама ўдасканаліць працэдуру вываду з эксплуатацыі абсталявання, якое ўтрымлівае небяспечныя арганічныя рэчывы.

Праграма – гэта яшчэ толькі першы крок да новай сістэмы. Яе патрэбна падтрымаць заканадаўчымі актамі і канкрэтнымі дзеяннямі з боку чыноўнікаў, прадпрыемстваў і непасрэдна насельніцтва. Поўнасцю запрацаваць гэта праграма павінна да 2015 года.

Згодна з гэтай праграмай у рэспубліцы аўтамабілі можна будзе здаць у спецыяльныя рэгіянальныя цэнтры па збору адходаў, якія да 2015 года павінны з’явіцца ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама вытворцу або імпарцёру машыны, бытавыя прыборы можна будзе аднесці на спецыяльныя пункты збору, якія будуць стварацца пры ЖЭС або сервісных цэнтрах. У хуткім часе ў магазінах павінны з’явіцца кантэйнеры для выкарыстаных батарэек.


Запісала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *