Парадак у пад’ездзе — радасць на душы


 Чацвёрты паверх другога пад’езда дома, што па вуліцы Лермантава, 9, райцэнтра, уражвае прыгажосцю, чысцінёй, хатняй утульнасцю. Некалькі гадоў назад тут быў праведзены касметычны рамонт (пафарбаваны сцены, поручні). Але жыхары  не спыніліся на дасягнутым і з дапамогай мясцовага мастака А.У. Гладкага  размалявалі на радасць сабе і суседзям сцены лесвічнай пляцоўкі. Тут вам і рачулка з празрыстай блакітнай вадой, і магутнае старое дрэва, каля якога адзінока чакае гаспадара човен, і два юнакі-рыбакі, якія шчыра радуюцца першаму за дзень улову…

Анатолій Уладзіміравіч – мастак па прызванню, маляваць пачаў з дзяцінства. Хоць асноўным месцам работы з’яўляецца ДЭУ-155, але любімаму занятку аддае вялікую колькасць вольнага часу. Дарэчы, прыгожы тыгр, сімвал бягучага года па ўсходняму календару, на пляцоўцы паверхам вышэй, таксама справа яго залатых рук.

Ініцыятарам у гэтай справе стала маладая маці Ірына Зелянкоўская (на здымку ўверсе), якую падтрымалі суседзі. Для яе, Ірыны Міхайлаўны, перыяд напісання карціны мастаком супаў з падрыхтоўкай да вяселля, якое,  справілі праз месяц, у чэрвені 2009-га. 

 – І ў кватэрах утульна, і на пляцоўцы, – гаворыць Ірына. – Мы ўпэўнены, што ад гэтага  не толькі нам радасна, але і нашым гасцям.

Жыхары ў пад’ездзе пастаянна падтрымліваюць чысціню і парадак. Яны вельмі задаволены вынікамі сваёй агульнай працы.

…Вось вам і чарговы прыклад для пераймання, паважаныя чытачы. Галоўнае – жаданне, а ўсё астатняе абавязкова прыкладзецца.


Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *