Хлеба і відовішчаў хапіла ўсім: чым здзівіў у Рэчыцы фестываль «Вытокі»

Общество

(Обновлено 16:52)

Такога яшчэ не было. Арганізатары прыгатавалі шмат чаго эксклюзіўнага, яркага і смачнага. Гэта я пра культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу», на якім мне пашчасціла пабываць. Паглядзіце толькі на сакавітыя фотаздымкі адтуль!

На працягу двух дзён Рэчыца прымала гасцей. Стартавалі з праграмы прэс-тура. Журналісты рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ пазнаёміліся са славутымі аб’ектамі горада. Нам правялі экскурсію па краязнаўчым музеі, паказалі капліцу Еўфрасінні Полацкай на набярэжнай. А потым карэспандэнтам нават і падарункі ўручалі. Не з пустымі рукамі мы вярнуліся пасля наведвання музея «Цвік» Рэчыцкага метызнага завода. Зразумелі, з якім прэзентам селі ў аўтобус? У гаспадарцы спатрэбіцца. Але найбольшае ўражанне аказала сядзіба «Велес»: рыцарскія баі, смачная мясцовая кухня (дэгустацыя была), добры поні і вясёлыя яноты.

Больш за 20 тысяч гледачоў, цікавыя выстаўкі прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна, фуд-корт, майстар-класы, прысмакі Гомельшчыны, каля 30 спартыўных пляцовак, конкурс маладых выканаўцаў і брэйк-данс – гэтым і не толькі запомніўся другі дзень фестываля «Вытокі». Сярод удзельнікаў прыемна было бачыць дэлегацыю Хойнікшчыны, юных землякоў, якія прыехалі паспрабаваць сябе ў Алімпійскім квэсце. Вось, дзе кіпелі эмоцыі і стаяла вялікая чарга, прычым, да ўсіх лакацый, бо жадаючых прыняць удзел было хоць адбаўляй.

Сапраўднымі фішкамі мерапрыемства на плошчы Акцябра стала прэзентацыя калекцый адзення ад беларускіх дызайнераў «Роднае – моднае». Мы спаўна акунуліся ў незвычайную атмасферу падчас экстрымальнага спуску на парашутах байцоў МНС.

Кульмінацыяй свята стаў гала-канцэрт зорак беларускай эстрады. На пляцоўцы спявалі Тэа і Вольга Рыжыкава, Алена Ланская, Аляксандр Саладуха, Гюнэш.

На гэтым фестываль не заканчваецца. Далей «Вытокі» загляне ў Столін, Навагрудак, Горкі, Полацк і Копыль. Не ведаю, як вы, а я ўжо чакаю працягу.

+

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *