І колькасцю, і ўменнем

Спорт

Падведзены вынікі круглагадовай спартакіяды раёна 2009 года. Летась яна праводзілася па 14 відах спорту: міні-футболу, лыжных гонках, жаночаму і мужчынскаму валейболу, армрэстлінгу, веснавому і асенняму лёгкаатлетычных кросах, комплекснаму мнагабор’ю “Здароўе”, асенняму і летняму турызму, шашках, шахматах, настольнаму тэнісу і гіравому спорту.

Па суме набраных ачкоў першае месца заняла каманда Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы, у актыве якой 242 ачкі. Медыкі занялі першыя месцы ў спаборніцтвах па жаночаму валейболу, армрэстлінгу, мнагаборству “Здароўе” і асенняму турызму. Акрамя таго, каманда ЦРБ можа пахваліцца яшчэ і чатырма другімі месцамі. Думаецца, што такія высокія спартыўныя паказчыкі робяць гонар людзям, якія стаяць на варце нашага здароўя.

Другое месца заняла каманда раённага выканаўчага камітэта, якая набрала 171 ачко. У гэтага калектыву першыя месцы, занятыя ў лыжным спорце, летнім турызме і настольным тэнісе. А яшчэ ў актыве другія месцы, занятыя ў спаборніцтвах па жаночаму валейболу і шахматах.

Усяго 4 ачкі саступілі сярэбраным прызёрам спартсмены раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія ў суме набралі 167 балаў. Далей месцы ў першай дзесятцы размеркаваліся так: Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (163 ачкі), КЖУП “Хойніцкі камунальнік” (141), раённае спажывецкае таварыства (131), аддзел адукацыі райвыканкома (124), ДПТВ-183 (96), ДЭУ-45 (89), прадрыемства меліярацыйных сістэм (82).

Усяго ў стартах спартакіяды прынялі ўдзел спартсмены з 41 калектыву фізкультуры. Праўда, некаторыя з іх абмежаваліся толькі выступленнем у адным або ў двух відах спорту. Гэта датычыць амаль усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна, цэха газавай гаспадаркі, дрэваапрацоўчага камбіната. Большай актыўнасці чакаем мы і ад тых каманд, якія раней мелі добрыя спартыўныя традыцыі, а зараз паціху страчваюць заваяваныя раней рубяжы: завод гідраапаратуры, эксбаза “Стралічава” і КСУП “Судкова”, торфабрыкетны завод, ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”.

А агульны поспех у стартах мінулагодняй круглагадовай спартакіяды, як няцяжка заўважыць, прынеслі як колькасныя паказчыкі, так і спартыўныя ўменні. Так, каманда ЦРБ прыняла ўдзел у спаборніцтвах па 11 відах спорту, аддзела па надзвычайных сітуацыях – па 10, райвыканкома і ПДРЭЗ – па 8 відах спорту. Так што высокія месцы ў актыве гэтых каманд не сталі выпадковымі і дасягнуты яны былі як колькасцю, так і ўменнем. Між тым, менавіта масавасць у прыцягненні людзей да заняткаў спортам была адной з мэт, якія ставіліся перад арганізатарамі гэтых спаборніцтваў. Хацелася б, каб новыя старты спартакіяды-2010 сталі і больш масавымі, і больш цікавымі.


М. РАМАНЕНКА,
начальнік аддзела фізічнай культуры,
спорту і турызму райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *