Павесяліліся ад душы


Так ужо павялося на нашай зямлі, што свята Новага года сустракаюць двойчы – 31 снежня і 13 студзеня. Яшчэ раз хочацца ўспомніць, што свята Каляд, якое адбывалася на адкрытай пляцоўцы каля ГЦКіС “Меліяратар”, удалося на славу, пеўна ды прыгожа, як дзяды-бабулі нашы яго сустракалі.

І вялікая заслуга ў гэтым належыць работнікам раённага аддзела культуры. Менавіта яны – Людміла Смольская, Анжэла Бондар, Зоя Бураўцава, Вольга Шляхценка, Тамара Карповіч, Лілія Краўчанка, Васіль Найдзенка, Яўген Заяц, Дзяніс Шарапаў з жонкай Наталляй, Аляксей Сярмяжка – правялі карпатлівую і нялёгкую працу па падрыхтоўцы і правядзенню каляднага свята.

Там было ўсё: і шчадраванне, і тэатралізаванае прадстаўленне, і куцця, не сціхалі песні, людзі весяліліся ў танцах, гучаў іскрамётны гумар. А таксама сваім выступленнем усіх гасцей парадаваў фальклорны ансамбль “Спадчына”.

У гэту калядную ноч, калі сонца павярнула на лета, на свята завітала Каза – сімвал урадлівасці і пладавітасці. Колькі смеху і жартаў выклікала яе з’яўленне! Не абышлося на свяце без Дзеда Мароза. Ен усіх прысутных віншаваў з Новым старым годам, а потым вадзіў з народам калядны карагод, а яшчэ згуляў у старадаўнюю гульню “Падушачка пухавая”. Гэтае свята стварыла ў людзей прыўзняты настрой, які так неабходны ўсім зараз, аптымізм, веру і надзею ў заўтрашнім дні – песні і гумар заўсёды дапамагаюць людзям пераносіць жыццёвыя нягоды.


Л. ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *