Беларусь турыстычная: г. Гродна

Беларусь турыстычная

Расказвае Аксана Султанава:

– Як я заахвочваю свайго пляменніка за паспяховую вучобу: знаёмлю з новым кутком нашай прыгожай краіны. На гэты раз выбрала Гродзенскую вобласць. Мы вырашылі наведаць унікальны гідратэхнічны будынак – Аўгустоўскі канал. Наш шлях пралягаў праз маляўнічыя палі квітнеючага рапсу, мяжу, якая праходзіла да 1939 года паміж Заходняй Беларуссю і СССР. Паездка суправаджалася цікавым расказам экскурсавода аб гісторыі гэтых мясцін.

Сёння на беларускай частцы канала дзейнічаюць 5 шлюзаў-рэгулятараў, 2 плаціны і 4 суднаходныя шлюзы. Жадаючым падаецца магчымасць пракаціцца на невялікім цеплаходзе з адчыненай і зачыненай палубамі, палюбавацца неверагодна прыгожымі выглядамі берагоў. Выдаецца шанец убачыць, як адбываецца шлюзаванне. Магу сказаць па ўласных уражаннях – на гэта варта паглядзець!

Непадалёк ад Аўгустоўскага канала размешчаны гарадскі пасёлак Сапоцкін, які мы з задавальненнем наведалі. Гарадок размешчаны на стыку трох дзяржаў – Беларусі, Літвы і Польшчы. Невыпадкова тут мясцовыя жыхары размаўляюць на трох мовах. Таксама ў гэтым пасёлку ёсць свае ўнікальныя славутасці: каталіцкі храм Ушэсця Дзевы Марыі, які пабудавалі ў 1789 годзе, і яўрэйскія могілкі – адны з самых старых у нашай краіне.

Мы заехалі палюбавацца палацава-паркавым комплексам «Свяцк». Ён пабудаваны ў XVIII ст. італьянскім архітэктарам для вядомага графскага і шляхецкага роду Валовічаў. Вакол палаца быў разбіты парк, пасаджаны сад, сосны і клёны, уладкованыя сажалкі, аранжарэя і пчальнік.

У Гродна мы прагуляліся па пешаходнай вуліцы Савецкая, наведалі Стары замак, Кафедральны сабор Святога Францішка Ксаверыя, Барыса-Глебскую (Каложскую) царкву.

У завяршэнні свайго міні-вандравання мы падняліся на панарамным ліфце гандлёвага цэнтра «Нёман» на дах, дзе маглі бачыць прыгажосць горада з вышыні птушынага палёту. Усяго толькі адзін дзень, але колькі цікавага і прыгожага ён нам падарыў! Рэкамендую ўсім знаёміцца з нашай прыгожай Беларуссю, тым больш цяпер, калі беларускімі турыстычнымі кампаніямі распрацавана мноства суперцікавых маршрутаў.

Запісала Вікторыя МАРОЗ.

Фота з асабістага архіву А. Султанавай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *