Уладар сяла: пілілі дровы і частавалі салам

Общество

На што здольныя вясковыя мужчыны і жанчыны

Гуляла ўся вёска. І мы там былі, мёд і сала елі. Аграгарадок Глінішча сустракаў удзельнікаў раённага этапа рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

Тут журы і ўбачыла, на што здольныя моцныя вясковыя мужчыны з жанчынамі. Канкурсанты, а ў гэтым годзе спаборнічалі дзве сям’і, паказалі, як яны спрытна могуць піліць і складваць дровы. Ды і ў спартыўнай эстафеце добра справіліся – з фізічнай формай поўны парадак.

Гаспадыні накармілі нас сваімі фірмовымі стравамі – смаката неверагодная. Асабліва хінкалі са свінінай і часныком, тушаная бульба таксама пальчыкі абліжаш і чарнічнае варэнне прыйшлося па душы.

Не абыйшлі сямейныя традыцыі, хатнюю гаспадарку. Дарэчы, сям’я Віталія і Ганны Рашанок з Глінішч трымае каня, курачак, свіней. Падтрымка гэтых удзельнікаў на конкурсе была добрая. Прычым, яны «штурмавалі» «Уладар сяла» ўжо тройчы і столькі ж атрымлівалі перамогу.

Сям’я Далянчук, якая выступала за Барысаўшчынскі сельсавет, прыемна здзівіла вясёлай відэапрэзентацыяй, духмяным караваем і невычэрпнай энергіяй. Гулялі на свяце і госці. Павіншавалі ўдзельнікаў конкурса першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Шынкарэнка, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер, галоўны спецыяліст БРСМ Наталля Іўлева. Ніхто без падарункаў і пацалункаў не застаўся.

+

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *