Шляхам цеснага ўзаемадзеяння


Роля  органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння раёна абмяркоўвалася на семінары-вучобе, на якім падводзіліся вынікі работы за прайшоўшы год і намячаліся задачы на сёлетні.

Перад яго пачаткам удзельнікі наведалі раённы краязнаўчы музей, завод гідраапаратуры.

Пленарнае пасяджэнне, якое адбывалася ў абноўленай зале гарадскога цэнтра культуры і спорту “Меліяратар”, не мела “налёту” афіцыйнасці і праходзіла ў форме пытанняў і адказаў. Яго фармат задала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна, прапанаваўшы прысутным абмяняцца па самых набалелых пытаннях.  Паводле яе слоў, менавіта мясцовае самакіраванне можа паспрыяць вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння на пэўных тэрыторыях горада і раёна – перш за ўсё праз інфармаванне насельніцтва пра падзеі і намаганні ўлады. Асаблівую актуальнасць гэта набывае на парозе новай выбарчай кампаніі.

– Мы чакаем дапамогі ад прадстаўнікоў грамадскага самакіравання ў справе захавання зробленага, ашчаднага стаўлення да грамадскага дабра. Увогуле, самакіраванне – гэта вялікая дапамога для ўлады, аднак пры ўмове, што гэтая структура эфектыўна дзейнічае.  Зразумела, сёння такім чынам працуюць яшчэ не ўсе, але добрыя прыклады ўжо ёсць.

Адзін з іх прывёў в.а. дырэктара КЖУП “Хойніцкі камунальнік” С.У. Несцярэнка: жыхары некаторых пад’ездаў шматпавярховак праяўляюць ініцыятыву і самі працуюць над добраўпарадкаваннем, робяць усё для таго, каб у іх агульным доме было чыста і прыгожа. Камунгас гэтым людзям прадастаўляе своеасаблівы бонус – затраты, якія панеслі жыхары на набыццё фарбы, іншых матэрыялаў, кампенсуюцца за кошт кватэрных паслуг. Тэхніка і матэрыялы для абустройства дваровых пляцовак могуць таксама быць выдзелены, аднак жыхары павінны прыняць пасільны ўклад у гэтым.Таксама С.У. Несцярэнка праінфармаваў аб тым, што зроблена па запытах грамадзян, выказаных на сходах з насельніцтвам: усе крытычныя заўвагі абагульнены аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкома.



У сістэме грамадскага самакіравання задзейнічана 85 жыхароў горада і сельскіх населеных пунктаў. Усе яны – людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Часам “нязручныя”, уедлівыя і спакойнага жыцця ўладзе не даюць, затое на іх тэрыторыях бачныя змены да лепшага, і гэта цэніцца. Сярод актывістаў самакіравання многа пенсіянераў, але далучаюцца да працы і маладыя людзі.



У парадку інфармавання па пытаннях добраўпарадкавання выступілі перад прысутнымі архітэктар раёна Т.Г. Алесянкова, якая, як добры факт, адзначыла тое, што з цягам часу ўсё больш жыхароў бяруць дазвол на будаўніцтва ўласных дамоў, і начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы раёна А.А. Маліноўскі, стан крымінагеннай абстаноўкі на тэрыторыі раёна асвятліў намеснік начальніка РАУС С.А. Барысенка, абстаноўку з пажарамі – начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.М. Протчанка.

Падзяліліся вопытам работы ў якасці ўпаўнаважаных С.П. Тальчук з Велеціна і Л.Я. Прыходзька з Клівоў, Л.У. Мыслік з райцэнтра. Старшыня Паселіцкага сельскага Савета Л.М. Зелянкоўская вобразна сказала аб тым, што ўпаўнаважаныя – гэта вочы і вушы мясцовай улады і роля іх у пытаннях жыццезабеспячэння неацэнная.

На семінары прагучала нямала прыкладаў, калі людзі не проста належным чынам захоўваюць грамадскія здабыткі на сваіх тэрыторыях, але ў вольны час выходзяць на суботнікі і нядзельнікі, каб прыбраць, пасадзіць кветкі, вырабіць агароджу, як гэта было на ўзвядзенні аграгарадка Стралічава.

– Органы грамадскага самакіравання, – падкрэсліла пры падвядзенні вынікаў мерапрыемства Г.М. Рабінкіна, – гэта працяг раённага Савета дэпутатаў. Хоць дэпутатаў райсавета толькі 35 на ўвесь раён, але з дапамогай грамадскіх актывістаў, органаў мясцовага самакіравання можна дабівацца вырашэння праблем людзей. Асаблівыя надзеі ўскладваюцца на іх зараз, калі Хойнікі рыхтуюцца да Дня беларускай пісьменнасці – самае галоўнае, каб людзі адчулі смак да самых звычайных спраў па добраўпарадкаванню роднага краю.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *